Латвія пачала будаваць трывалы плот з дроту на мяжы з Беларуссю
15 верасня 2022
161

Улады Латвіі маюць намер да 2024 года ўсталяваць трывалы 173-кіламетровы плот на мяжы з Беларуссю, каб стрымаць пранікненне ў Еўрасаюз нелегальных мігрантаў, якія сталі своеасаблівай жывой зброяй лукашэнкаўскага рэжыму.

Плануецца, што плот будзе мець вышыню амаль чатыры метры, на версе будзе размяшчацца калючы дрот.

Як адзначыў агенцтву “Дэлфі” генерал Дзяржаўнай памежнай службы Юрыс Мартукан, з-за расійскага ўварвання ва Ўкраіну беларуская гібрыдная вайна была забытая, аднак праблема мігрантаў нікуды не дзелася. “Проста цяпер, калі глядзець на тэндэнцыі, як быццам не зімовы перыяд, калі беларускі бок трымае нас у лёгкай напружанасці. У жніўні было 300 чалавек, якія спрабавалі перасекчы. У верасні – 150“, – адзначыў ён, не выключаючы, што менавіта лукашэнкаўскія памежнікі псуюць агароджу пропуску мігрантаў.

Латвійскія чыноўнікі таксамамадзначылі цяжкасць падрыхтоўчых прац для ўзвядзення плота, з-за чаго яны значна адсталі ва ўсталяванні падобных канструкцый ад Літвы і Польшчы. Тэрыторыю, дзе павінен паўстаць плот, прыйшлося ўпершыню кадрыраваць, акрамя таго, рабіць вырубку леса. А такія працы, напрыклад ў Польшы, былі праведзены яшчэ за савецкім часам.

Будаўніцтва плота праходзіць у тры этапы, і поўнае завяршэнне яго будаўніцтва запланавана на 2024 год.

Раней планавалася, што першыя 80 кіламетраў агароджы будуць узведзеныя да сёлетніх маразоў, паведамлялі Латвійскія грамадскія СМІ.

Нагадаем, што напрыканцы жніўня 2022 года стала вядома пра заканчэнне ўстаноўкі Літвой плоту на мяжы з Беларуссю агульнай працягласцю 502 кіламетры. Да таго аб завяршэнні пабудовы 5-метровага металічнага плота паведаміла Польшча.

Фота: “Дэлфі”