Літоўскія беларусы не забываюць месцаў пахаванняў выбітных суайчыннікаў
6 лістапада 2022
183

У Вільні прадстаўнікі дыяспары наведалі пахаванні беларусаў на Еўфрасіньеўскіх могілках, а ў Каўнасе пачалі збіраць грошы на дабраўпарадкаванне магілы Клаўдзія Дуж-Душэўскага.

Мерапрыемства ў Вільні прайшло разам са святаром, які адслужыў паніхіду па памерлых. Акцыя была зладжана Таварыствам беларускай культуры ў Літве, дабачыннай арганізацыяй Dapamoga, суполкай “Вольныя беларусы Вільні” і іншымі, піша ў сваім Facebook адзін з актывістаў дыяспары ў Літве Аляксандр Адамковіч.

У той жа час беларусы Каўнаса пачалі збор сродкаў на ўпарадкаванне магілы Клаўдзія Дуж-Душэўскага — сябра Рады БНР і аўтара бел-чырвана-белага сцяга. Плануецца дадаць на надмагільную шыльду надпісы па-беларуску, усталяваць два флагштокі для бела-чырвона-белага сьцяга і герба “Пагоня”, аднавіць надмагільныя пліты, паведамляе ў Facebook суполка “Коўна Беларускае”.

Да распрацоўкі дызайна шыльды і надмагільнай прасторы плануецца прыцягнуць беларускіх дызайнераў і мастакоў. Скончыць працы і ўрачыста адкрыць мемарыял плануецца ў Дзень Волі, 25 сакавіка 2023 года.

Збор будзе доўжыцца тры месяцы.

Нагадаем, што на свята Дзяды беларусы Вільні прыйшлі на могілкі Росы, дзе ўшанавалі памяць пахаваных там беларускіх дзеячоў. Днём раней там жа яны адзначылі Дзень усіх святых.

Фота:  Facebook Аляксандра Адамковіча і суполкі “Коўна Беларускае”