
Свабодная спартсменка Карына Казлоўская ў складзе каманды заняла другое і трэцяе месцы на чэмпіянаце Польшчы.
„Вынік добры, я ўзяла срэбра ў камандзе з дзяўчынкамі, але мы прайгралі золата ў перастрэлцы, калі ўсё залежыць ад адной удачы. Не сказаць, што тут досвед і дасягненні гралі ролю. Я за гэта вельмі не люблю перастрэлкі. Таксама мы ўзялі бронзу ў міксе, дзе страляюць хлопец з дзяўчынай”, – распавяла Казлоўская тэлеграм-каналу Athletes for Freedom.
Яна сцвярджае, што задаволена вынікам, хоць і спадзявалася ў індывідуальным спаборніцтве заняць больш высокае месца. «Па кваліфікацыі я была першай. У Польшчы, як і ў Беларусі, глядзяць на гэты вынік для адбораў, для складання нацыянальнай каманды”, – кажа спартсменка.
Яна адзначае, што у наступным годзе чэмпіянат свету ліцэнзійны, на якім трэба будзе добра выступіць, каб паехаць на Алімпійскія гульні, потым будуць Еўрапейскія гульні. „Да іх таксама буду рыхтавацца”, – абяцае лучніца.
Напраканцы ліпеня 2022 года Казлоўская заваявала тры залатыя медалі на маладзёжным чэмпіянаце Польшчы ў Кракаве, нагадвае Tribuna.com.
У канцы студзеня 2021 года Карына Казлоўская падпісала ліст спартсменаў з патрабаваннямі да лукашэнкаўскіх уладаў спыніць гвалт і правесці паўторныя прэзідэнцкія выбары. У 2022 з’ехала з Беларусі, пасялілася ў горадзе Жывец у Польшчы, выступае за мясцовы клуб.
Фота: Instagram Карыны Казлоўскай
Матэрыялы па тэме: