Лукашэнкаўскі рэжым зняволіў журналіста Івашына больш чым на 13 гадоў
14 верасня 2022
143

Прызнаны палітвязнем незалежны журналіст Дзяніс Івашын прыгавораны на 13 гадоў і 1 месяц калоніі. Прысуд абвесціў 14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд.

Лукашэнкаўскі рэжым абвінаваціў незалежнага журналіста ў здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК) і ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў (арт. 365 КК).

Таксама яму прысудзілі штраф памерам 150 базавых велічынь (4800 рублёў). Акрамя гэтага, Івашын мусіць выплаціць маральную кампенсацыю дзевяці пацярпелым па 2000 рублёў кожнаму. 

Суддзёй на працэсе выступіў Валерый Раманоўскі. Суд цягнуўся месяц у закрытым рэжыме, бо там нібыта “разглядалі дадзеныя, якія складаюць дзяржаўную таямніцу”, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Родныя Дзяніса Івашына нават не маглі пачуць яго апошняе слова на працэсе.

За 18 месяцаў утрымання за кратамі Дзяніса неаднаразова вазілі на допыты ў КДБ, кідалі ў карцар. Ён падоўгу не атрымліваў лістоў ад сваіх родных. Падчас знаходжання ў карцары ў Дзяніса здарыўся сардэчны прыступ, праз антысанітарыю ў СІЗА ён таксама перахварэў на невядомую інфекцыю, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Дзяніса затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года. Журналіст публікаваў расследаванні на сайце InformNapalm і ў газеце “Новы час”. Ён распавядаў, як журналісты ідэнтыфікавалі былых супрацоўнікаў украінскага спецпадраздзялення “Беркут”, якія ўдзельнічалі ў разгонах беларускіх пратэстаў у шэрагах беларускага АМАПа. 4 сакавіка 2021 года, за два тыдні да яго затрымання, выйшла трэцяя частка расследавання. Вядома, што журналіст адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Улетку 2021 года ў Івашына пачаліся праблемы з сэрцам.

Фота: “Радыё Свабода”