
Цягам апошніх дзён па ўсёй Беларусі праходзяць ператрусы, затрыманні, арышты, у асноўным актывістаў руху “За Свабоду”. У ізалятарах да затрыманых прымяняюцца катаванні, паведамляюць праваабаронцы.
Так, 23 лістапада 2022 года КДБ прыйшоў з ператрусам у баранавіцкага актывіста Юрыя Казакевіча. Прычыны візіту пакуль не вядомыя. Казакевіч – гаспадар крамы з нацыянальнай сімволікай “Росквіт” і актывіст руху “За Свабоду”, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
У Мінску затрыманы сузаснавальнік праекта “Разумны Мінск” Сяргей Саўкін. Праўладны тэлеграм-канал канал піша, што ён “навязваў дзецям і іх бацькам палітычны падтэкст”.
У Верхнядзвінску 22 лістапада 2022 года пасля ператрусу затрымалі грамадскую актывістку Валянціну Болбат. Меркавана, затрыманне адбылося ў межах рэйда на былых актывістаў руху “За Свабоду”. Паведамляецца пра факты пераследу ў адносінах да мінімум 13 чалавек.
Таксама 22 лістапада 2022 года ў Светлагорску былі затрыманыя галоўны энергетык “СветлагорскХімвалакна” Канстанцін Дзікун і вядучы эканаміст прадпрыемства Руслан Міхаленка. Па папярэдней інфармацыі, прычынай затрыманняў сталі каментары ў інтэрнэце.
Таксама 22 лістапада 2022 года прайшлі ператрусы ў Георгія Станкевіча, Аляксея Атрошчанкі і Уладзіміра Кацоры. Сілавікі распытвалі ў іх пра рух «За Свабоду».
21 лістапада 2022 года не вярнуўся з допыта ў Баранавічах былы старшыня прадпрыймальніцкай грамадскай арганізацыі Анатоль Шумчанка. Праваабаронцам стала вядома, што яго затрымалі да суда паводле арт. 19.11 КаАП РБ.
Масавыя затрыманні адбыліся 16-18 лістапада 2022 года ў Брэсце. Затрымлівалі тых, каго раней ужо судзілі па адміністрацыйных артыкулах. Паводле “Белсата“, у ІЧУ Брэста цяпер знаходзіцца шмат дальнабойшчыкаў.
Напачатку жніўня 2022 года праваабаронцы фіксавалі масавыя затрыманні ў некаторых населеных пунктах Брэсцкай і Гомельскай абласцей. У сваю чаргу ўкраінскі Генштаб паведамляў пра ўзмацненне там расійскіх вайсковых падраздзяленняў.
Фота: Арменпресс (носіць ілюстрацыйны характар)
Матэрыялы па тэме: