Лукашэнкаўскія ўлады арыштавалі жыхарку Андоры з Баранавічаў па прыездзе ў Беларусь
17 верасня 2022
164

Жыхарку Андоры Вольгу Манкевіч арыштавалі і абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі пасля таго, як яна ў чарговы раз прыехала ў Беларусь.

Праўладнае брэсцкае тэлебачанне апублікавала сюжэт, з якога вынікае, што 37-гадовая ўраджэнка Баранавічаў, даўно пражываючая ў Княстве Андора, у чарговы раз, 22 жніўня 2022 года, наведала Радзіму.

На пакаяным відэа жанчына распавядае, што прычынай затрымання на вакзале, а затым змяшчэння ў ІЧУ, сталі яе скрыншоты з тэлеграм-канала Nexta ў Instagram, а таксама ўласныя допісы да іх. Манкевіч, раней прыязджаючы ў Беларусь у 2020 годзе, таксама як і вялікая колькасць народа, палічыла вынікі так званых выбараў прэзідэнта сфальшаванымі. Цягам двух гадоў яна таксама прыязджала на Радзіму.

Цяпер жыхарцы Андоры пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі па ч.1 арт.368 КК (абраза прэзідэнта РБ).

Гэта далёка не першы выпадак, калі людзей, якія пражываюць за мяжой, затрымліваюць па прыездзе ў Беларусь па палітычных артыкулах. Так, 3 жніўня 2022 года стала вядома пра затрыманне двух беларусаў, якія некалькі гадоў жывуць у Польшчы. Абодва яны прыехалі на радзіму ў госці да сваякоў. Яшчэ раней сілавікі затрымалі супрацоўніцу EPAM – яна вярнулася з Літвы ў Беларусь, піша “Зеркало”.