Лукашэнкаўскія ўлады вінавацяць у паскарэнні інфляцыі расійскі рубель
17 жніўня 2022
148

Гадавы прырост спажывецкіх цэн склаў 18,1%. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю РБ тлумачыць гэта дарагім імпартам з Расіі. Рост заробкаў адстае ад росту інфляцыі.

«За апошнія два месяцы беларускі рубель аслабеў да расійскага рубля каля 13,2% (за дванаццаць месяцаў – на 30,6%). Значнае ўплыў курсу расійскага рубля на ўнутраныя цэны абумоўлена высокай доляй імпарту тавараў з Расійскай Федэрацыі», — піша сайт беларускіх даследаваняў Тhinktanks.by са спасылкай на аналітыку МАРТ.

Паводле міністэрства, з-за курсу рубля даражэюць перш за ўсё нехарчовыя тавары. У ліпені паскорыўся прырост коштаў на мыйныя сродкі (25,9% у гадавым выразе), чай (33%), абутак (8,9%), электратавары (26,9%), вопратку (8,8%).

Мяса і мясапрадукты за мінулыя дванаццаць месяцаў падаражэлі на 17, 8%, хлеб і хлебабулачныя вырабы – на 15,1%, малако і малочныя прадукты – на 13,9%. Пры гэтым кошты на гародніну і садавіна зніжаюцца.

У ліпені імпульс інфляцыі надало падаражанне турыстычных паслуг, кандытарскіх вырабаў, легкавых аўтамабіляў.

Рэгуляваныя цэны і тарыфы выраслі на 11,8%. Былі павышаны цэны (тарыфы) на тытунёвыя вырабы (у гадавым выражэнні прырост цэн склаў 22,1%), паслугі дзіцячых дашкольных устаноў (19,4% у гадавым выражэнні), ахоўныя паслугі, якія аказваюцца Дэпартаментам аховы МУС.

У сваю чаргу намміністра эканомікі Зміцер Ярашэвіч адзначае, што заробкі ў Беларусі растуць павольней чым інфляцыя.

“В стране растет заработная плата, чуть-чуть медленнее, чем инфляция. Это 99,6%. И то мы можем исправить ситуацию в реальном выражении по результатам года“, — цытуе чыноўніка тэлеграм-канал «Позірк».