Лукашэнкаўскія ўлады знішчаюць могілкі салдат польскай Арміі Краёвай
25 жніўня 2022
154

Сёння, 25 жніўня 2022 года, у весцы Сурконты Гродзенскай вобласці лукашэнкаўскія ўлады зраўнялі з зямлёй могілкі салдат Арміі Краёвай (АК), якая змагалася супраць гітлераўцаў і савецкага войска за адраджэнне польскай дзяржавы.

«Спусташэнне могілак нагадвае маштабную спецаперацыю. Дарогі да месца, дзе адбываецца акт варварства, блакуюцца міліцыяй. А абураных мясцовых жыхароў, якія спрабуюць зафіксаваць учыненае злачынства, палохаюць турэмным зняволеннем. Гэта таксама прычына, па якой да гэтага часу не ўдалося сфатаграфаваць тое, што адбываецца неймавернае для XXI стагоддзя зверства», – распавядаецца на сайце Znadniemna.pl непрызнанага лукашэнкаўскімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі.

Пазней чытачам інтэрнэт-выдання ўдалося зрабіць фотаздымкі знішчаных могілак.

Гэта ўжо не першае варварства, праяўленае афіцыйным Мінскам да ўшанаванай памяці польскіх салдат. Так, 1 ліпеня 2022 года СМІ паведамілі пра разбурэнне пахаванняў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёна, 4 ліпеня — у Мікулішках Ашмянскага, 8 ліпеня — у Ваўкавыску, 9 ліпеня — у Качычах Карэліцкага раёна. 22 ліпеня стала вядома пра разбурэнне могілак жаўнераў АК у Стрыеўцы пад Гроднам. Пры гэтым старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, як старшыня Гродзенскага аблвыканкама, сітуацыю не каментуе — ён наогул запрашае польскіх турыстаў скарыстацца бязвізавым рэжымам і наведаць Гродзеншчыну, піша інтэрнэт-выданне «Мост».