
Моладзь да 35 гадоў можа паспрабаваць сябе ў дыпламатыі і прайсці праграму навучання ў Інстытуце Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта. Там аб’яўлены набор слухачоў.
“Праграма дыпламатыі Варшаўскага ўніверсітэта – гэта ўнікальная праграма, накіраваная на навучанне новых беларускіх дыпламатычных кадраў у Польшчы. Курс будзе ўключаць аналіз палітычнай сітуацыі ў Беларусі і на постсавецкай прасторы, тэорыі і практыкі палітыкі і дыпламатыі, знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі, дыпламатычны пратакол, міжнароднае права і інш. Навучанне будзе праводзіцца з удзелам дасведчаных лектараў і дыпламатаў, у супрацоўніцтве з Дыпламатычнай акадэміяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча”, – паведамляецца ў тэлеграм-канале Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ). Адпаведна і лекцыі для слухачоў будуць весці кіраўнік НАУ Павел Латушка і яго намеснік Уладзімір Астапенка. Яны абодва дыпламаты з вялікім досведам працы.
Той, хто жадае паступіць на праграму, мусіць мець беларускае грамадзянства, закончаную вышэйшую адукацыю (пераважныя спецыяльнасці: права, гісторыя, міжнародныя адносіны, палітычныя і сумежныя навукі), цікавіцца пытаннямі палітыкі і міжнародных адносін у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, ведаць англійскую мову на ўзроўні B2 мінімум, ведаць польскую мову і не быць старэй за 35 гадоў.
Тым 20 кандадатам, якія будуць адабраныя, прапануецца бясплатнае навучанне, накіраваная ў першую чаргу на атрыманне досведу і практычных навыкаў модульная праграма навучання, інтэнсіўны курс польскай мовы падчас праграмы, штомесячная стыпендыя ў памеры 2400 злотых (выплачваецца толькі падчас знаходжання ў Польшчы), магчымасць стажыроўкі ці атрымання досведу ў вядомых польскіх установах, а таксама, магчыма, у міжнародных і наднацыянальных установах;
Мовы навучання: польская, англійская, беларуская, руская.
Апошні тэрмін падачы заявак: 25 лістапада 2022 года, 23:59 па польскім часе.
Нагадаем, што Рада Еўропы прыпыніла супрацоўніцтва з лукашэнкаўскімі ўладамі ў сакавіку 2022 года ў сувязі з іх удзелам ў вайсковай агрэсіі супраць Украіны. Напачатку лістапада 2022 года ў Радзе Еўропы была створана кантактная група па супрацоўніцтву з беларускім грамадствам.
У жніўні 2022 года валанцёры Офісу Святланы Ціханоўскай апублікавалі карту з пазначэннем краін, з якімі ўдалося ўстанавіць «дыпламатычныя сувязі». Паводле іх, за два гады Ціханоўская сустрэлася з лідэрамі 35 краін, з некаторымі краінамі былі дасягнуты дамоўленасці на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў. Таксама валанцёры сцвярджаюць, што ў некаторых дзяржавах офіс мае сяброўскіх дэпутатаў парламентаў, а ў 10 краінах — цэлыя групы сяброў Беларусі.
Матэрыялы па тэме: