Марш годнасці ў Беластоку прайшоў па цэнтральных вуліцах горада
7 жніўня 2022
165

Каля тысячы прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Беластоку прынялі ўдзел у Маршы годнасці, праведзеным з нагоды другой гадавіны «Выбараў-2020».

Збірацца на цэнтральную плошчу Беластока – рынак Касцюшкі каля помніка Юзэфу Пілсудскаму людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі пачалі бліжэй да 16.00. На гэты час быў прызначаны пачатак мерапрыемства. Адкрыў мітынг адзін з актывістаў беларускай дыяспары горада Ян Абадоўскі. За ім выступіў прадстаўнік беларускай меншасці Падляшша Павел Станкевіч, а таксама чыноўнік ад мясцовай улады, які прывітаў удзельнікаў акцыі.

Мітынг цягнуўся нядоўга. Пасля чаго маніфестанты выстраіліся ў калону, ўзяўшы вялікае бел-чырвана-белае палотнішча і папяровых птушак, якія сімвалізавалі палітвязняў, рушылі па вуліцы Сенкевіча, алеях Пілсудскага і звярнулі на вуліцу Электрычную да консульства Рэспублікі Беларусь.

На працягу свайго руху ўдзельнік акцыі скандзіравалі лозунгі: «Жыве Беларусь!», «Свабоду палітвязням!», «Верым, можам, пераможам!», «Лукашэнку ў аўтазак!», «Радзіма, свабода, далой Луку-ўрода!», «Не – вайне!» і іншыя. Спявачка і журналістка Кацярына Ваданосава, апранутая ў нацыянальнае адзенне, знаходзілася за кратамі, якія трымалі двое хлапцоў-“амапаўцаў”. Невялікі перфоманс сімвалізаваў закратаваную Беларусь, дзе лютуюць палітычныя рэпрэсіі і ўсталяваўся дзяржаўны тэрор у адносінах да іншадумцаў.

Каля консульства адбыўся другі, больш працяглы мітынг. Выступаючы з прамовамі яго арганізатары і ўдзельнікі, сярод іншага, нагадвалі пра палітзняволеных, патрабавалі іх вызвалення, рашуча асуджалі дзеянні Лукашэнкі, які, акрамя гвалту ў дачыненні да беларускіх грамадзян, яшчэ ўцягнуў Беларусь у агрэсіўную вайну супраць Украіны.

Пасля выступленняў там жа адбыўся невялікі канцэрт, падчас якога выступілі спявак гурта «Сумарок» Ігар Палынскі і ўзаданая ўжо Кацярына Ваданосава са сваёй дачкой Стэфаніяй. Уся маніфістацыя агулам цягнулася крыху больш за паўтары гадзіны.

Нагадаем, што сёння раніцой ў гонар запланаванай беларускай дыяспарай у Беластоку маніфестацыі «Марш годнасці», мясцовыя ўлады даслалі прывітанне і вывесілі бел-чырвона-белыя сцягі.