Маскоўскія беларусы падтрымліваюць беларускіх палітвязняў, а Крэмль дапамагае лукашыстам
26 снежня 2022
208

Беларусы Масквы павіншавалі ўсіх каталіцкіх вернікаў са святам Божага Нараджэння і накіравалі віншаванні з народзінамі беларускім палітвязням. Генпракуратура Лукашэнкі ў сваю чаргу задаволена супрацоўніцтвам з Крамлём па выдачы пераследуемых з-за палітыкі.

Паштоўкі і лісты з віншаваннямі павінны атрымаць Андрэева-Бахвалава Кацярына, Латушка Анатоль, Дзенісевіч Мікалай, Боршч Сяргей, Лойка Настасся, Карніенка Віктар, Паднябенны Андрэй, Бабчонак Павел, Міхолак Грыгорый, Шаўчук Андрэй, Філімонаў Станіслаў, Караткевіч Вячаслаў, Сауцін Фёдар, Акцістаў Віктар, Івашын Дзяніс, Семянюк Аляксандр, Какцэль Уладзімір, Ліннік Руслан, Міткнвіч Мія, Велешка Аляксей, Касцюгова Валерыя, Гарабавец Уладзімір, Валовік Ілля, Глеб Арцём, Кузнечык Андрэй, Вітуноў Данііл, Малуга Антон, Карачун Арцём, Пархамовіч Арцём, паведамляе тэлеграм-канал “Беларусы Москвы – народный канал”.

У той жа час лукашэнкаўскі генпракурор Віктар Швед распавёў 25 снежня 2022 года, што Расія з пачатку года выдала ім 16 грамадзян Беларусі, нібыта віноўных у экстрэмізме, паведамляе ТАСС. Усяго прынята рашэння па выдачы 25 нашых суайчыннікаў.

На дадзены момант Маскоўская Хельсінкская група (МХГ) зафіксавала 19 выпадкаў ужывання экстрадыцыйнай працэдуры ў дачыненні да беларусаў па палітычных прычынах. Пра гэта распавёў кіраўнік праваабарончых праграм МХГ, праваабаронца з Расіі Раман Кісялеў.

У шасці з 18 выпадкаў людзі былі вызвалены ў сувязі з адсутнасцю дастатковых падставаў для экстрадыцыі (не прызнаецца злачынствам ці недастатковая цяжкасць). Аднак у двух з гэтых шасці выпадкаў людзей затрымалі на выхадзе з СІЗА і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне міграцыйнага рэжыму. Іх асудзілі да выдварэння і вывезлі ў Беларусь, тым самым выкарыстаўшы дэпартацыю дзеля мэт экстрадыцыі.

У чатырох з 18 выпадкаў людзі былі вызвалены ў сувязі з заканчэннем гранічнага тэрміна ўтрымання пад вартай (ад шасці месяцаў да года). У двух з гэтых чатырох выпадкаў экстрадыцыйныя працэдуры завяршыліся рашэннем наконт экстрадыцыі, але экстрадыцыя была заблакаваная забеспячальнымі мерамі ЕСПЧ. Людзі ў выніку выйшлі на волю і змаглі эвакуявацца.

У васьмі з 18 выпадкаў экстрадыцыя была здзейсненая. У чатырох з гэтых васьмі выпадкаў экстрадыцыя была зробленая яшчэ і з парушэннем забеспячальных мер ЕСПЧ ці КПЧ ААН.

У адным з 19 выпадкаў чалавек яшчэ чакае канчатковага вырашэння свайго лёсу. Рашэнне пра экстрадыцыю прынятае, але мы яшчэ змагаемся. Хутчэй за ўсё, яго вывезуць і ён патрапіць у кампанію васьмі ўжо выдадзеных людзей.

Але разам з гэтым ёсць яшчэ дзве катэгорыі: а) выкраданні, б) выдварэнні ў мэтах экстрадыцыі, але без папярэдняга праходжання праз экстрадыцыйную працэдуру. Па катэгорыі “а” праходзілі чатыры чалавекі, а па катэгорыі “б” — два“, – цытуе Кісялёва Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Фота: тэлеграм-канал “Беларусы Москвы – народный канал”