Місія дэмакратычнай Беларусі з’явілася ў Брусэлі
14 кастрычніка 2022
145

Лідэр беларускага пратэста Святлана Ціханоўская адкрыла 13 кастрычніка 2022 года ў Брусэлі Місію дэмакратычнай Беларусі. Кіраваць ёй пастаўлены намеснік прадстаўніка па замежных справах Абʼяднанага пераходнага кабінета Ўладзімір Астапенка.

«Я лічу, што гэта – гістарычная падзея, калі наш нацыянальны сцяг вяртаецца на палітычную мапу Еўропы, каб тут заўсёды гучаў голас беларусаў, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай агульнай еўрапейскай сям’і», –  цытуе Астапенку тэлеграм-канал Аб’яднанага кабінета.

Місія павінна будзе будзе даваць прастору беларускім арганізацыям і прадстаўнікам дыяспары, а таксама выконваць ролю амбасады свабоднай Беларусі. Пакуль памяшканне закрытае для наведванняў, але адкрыццё адбудзецца ў наступныя месяц-два, піша тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.

Нагадаем, што Аб’яднаны пераходны кабінет быў створаны 9 жніўня 2022 года на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Вільні. Першапачаткова ў яго склад увайшлі Святлана Ціханоўская (кіраўніца), Павел Латушка (намеснік кіраўніцы і прадстаўнік кабінета па транзіце ўлады), Валер Кавалеўскі (намеснік кіраўніцы і прадстаўнік кабінета па замежных справах), Аляксандр Азараў (прадстаўнік кабінета па аднаўленні правапарадку), Валерый Сахашчык (прадстаўнік кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы). Пазней там з’явілася прадстаўніца па фінансах і эканоміцы Таццяна Зарэцкая, а потым – прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.

Фота: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай