Музычны гурт znak stop выдаў новы кліп на песню “Знайду”
20 красавіка 2023
290

У красавіку 2023 года пабачыў свет новы кліп гурта znak stop на песню “Знайду” з апошняй трылогіі гэтага музычнага дуэту “Форма”.

Відэа здымалі на вуліцах Варшавы, а таксама на Гданьскім масце, які злучае берагі Віслы. Лакацыю для здымкаў выбіраў Аляксандр Патканян, аператар, які раней працаваў над кліпамі “Малы крок”, “Child” і “Freedom in My Heart“, – распавяла Дыяспары.info ўдзельніца гурта Алёна Палачанская.

У відэа можна заўважыць, што кадраў з Алёнай значна менш, чым маіх. Мы вырашылі не ўраўнаважваць штучна нашую прысутнасць у кадрах, а сканцэнтравацца на асноўным вобразе – мы хадзілі, шукалі на працягу кліпа і ў выніку знайшлі. І сыгралі разам песню”, – адзначыў у сваю чаргу выканаўца песні Андрэй Лугін.

Удзельнікі znak stop, па іх словах, хацелі прадставіць гукі гэтай песні і яе тэкст у стылі сённяшняга дня, у стылі нават такога моманту, як надвор’е. “Зараз прырода толькі пачынае абуджацца, і таму мы здымалі відэа на вуліцы, каб ніякія лішнія фарбы не адцягвалі ўвагу ад словаў песні”, – кажуць яны.

Трэк “Знайду” адкрывае апошнюю трылогію “Форма”. Музыкі таксама плануюць выпуск іншых відэа на астатнія песні з трылогіі.

Даведка: znak stop – беларускі дуэт з Берасця, які грае ў стылі індзі-рок і акустык біт. Перафармаваны ў 2021 годзе музыкамі Андрэем Лугіным і Алёнай Палачанскай з папярэдняга гурта Laudans пасля пераезду за мяжу. За два гады існавання дуэт выдаў дзве трылогіі і шэсць сінглаў, якія прадстаўляе беларускай аўдыторыі на сваіх канцэртах. У сваёй творчасці музыкі адлюстроўваюць сувязі, якія лучаць іх з іншымі беларусамі.

Фота: Радыё “Рацыя”