На Дзень спартовай салідарнасці дыяспара адгукнулася шматлікімі акцыямі
2 кастрычніка 2022
213

Тры дні, цягам якіх дыяспара адзначала першы Дзень спартовай салідарнасці, адзначыўся разнастайнымі спартовымі мерапрыемствамі, праведзенымі беларусамі па ўсім свеце.

Нагадаем, што 30 жніўня 2022 года ўдзельнікі сходу Свабодных спартсменаў Беларусі прынялі рашэнне абвесціць 30 верасня Дзень спартовай салідарнасці. Дату 30 верасня выбралі таму, што ў гэты дзень у 2022 годзе была затрымана баскетбалістка Алена Леўчанка, якая выйшла разам з народам супраць гвалту і хлусні лукашэнкаўскай улады.

2 кастрычніка 2022 года беларусы Варшавы разам з кікбаксёрам Іванам Ганіным зладзілі роварны велазаезд. Ён быў прысвечаны беларускім вольным спартоўцамі, якія ўжо напрацягу двух гадоў не спыняюцца і імкнуцца да нашай перамогі, паведамляе тэлеграм-канал Athletes for Freedom.

Таксама варшаўскія беларусы ўшанавалі памяць Андрэя Зельцэра, якi гераiчна загінуў год таму, абараняючы свой дом ад лукашэнкаўскіх сілавікоў. Аб гэтым піша тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья“.

У гэты ж дзень беларусы Беластока разам з вольным спартоўцам, футбалістам Дзмітрыем Байдукам сустрэліся на гарадскiм пляжы Дайліды, дзе разгарнулі нацыянальныя сцягі, а таксама вялікі банэр “Свабоду палітвязням!”. “Беларускія хлопцы ўзнялі гіры на знак салідарнасці з 1639 зняволеннымі беларускімі палітычнымі вязнямі рэжыму Лукашэнкі. Беларускія маржы на знак салідарнасці выкупаліся ў ледзяной вадзе ў падтрымку смелых беларусаў, якія за свае палітычныя перакананні сядзяць ў турмах і на Акрэсціна”, – паведамляе тэлеграм-канал “Реальная Беларусь“. Дзмітры Байдук таксама арганізаваў майстар-клас для маленькіх футбалістаў.

Беларусы Францыі сабраліся 2 кастрычніка 2022 года ў Ансі на спартыўны пікнік, падчас якога зрабілі забег Салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі і спартсменамі. Удзельнікі мерапрыемства стралялі з лука, фехтавалі, гулялі ў шахматы і ў гульні з мячом, а таксама ў традыцыйныя беларускія спартовыя гульні “Харты і Зайцы”, “Бабкі”, “Бірулькі”, а ў перапынку – у “Сырую Бульбу”, прыемна здзівіўшы адзін аднаго веданнем беларускай мовы, піша тэлеграм-канал “Пул Францыі“.

Раней паведамлялася аб мерапрыемствах у гонар Дня спартовай салідарнасці ў Таліне, Вільне, Гдыне, Кракаве.

Фота і відэа: тэлеграм-каналы Athletes for Freedom, “Реальная Беларусь”, “Пул Францыі”.