На канферэнцыі ў Польшчы Беларусь прызналі акупаванай краінай
24 кастрычніка 2022
127

Прадстаўнікі Беларусі, Украіны, Літвы і Ічкерыі (Чачні) прынялі ўдзел 22 кастрычніка 2022 года ў канферэнцыі «Вайна ва Ўкраіне. Дэакупацыя Беларусі», якая прайшла ў польскім горадзе Жэшуве.

Адзначана, што напад Расіі на Ўкраіну, а таксама расійская акупацыя Беларусі і калабаранцкія дзеяньні рэжыму Лукашэнкі трэба ўспрымаць як агульную агрэсію Расіі супраць украінскага і беларускага народаў”, – піша ў сваім тэлеграм-канале лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Былі выказаныя прапановы, падтрыманыя ўсімі, аб неабходнасці прызнання Беларусі захопленай краінай і акупаванай тэрыторыяй. Па гэтай праблеме рэкамендавана звярнуцца ў кіруючыя ворганы дзяржаўнай улады ваюючай Украіны. 

Паводле Пазьняка, на канферэнцыі падкрэслівалася, што пазбаўленне ад антынароднага рэжыму Лукашэнкі і дэакупацыя Беларусі вымагае агульнанароднага беларускага змагання з расейскім агрэсарам, якое павінна выяўляцца ў нацыянальнай кансалідацыі беларусаў, у стварэнні і дзеянні беларускага вызвольнага падполля, ва ўсебаковай дапамозе ўкраінцам у барацьбе супраць расійскага нападніка. Абавязкава мусіць быць удзел беларускіх дабраахвотнікаў ў шэрагах беларускіх фармаванняў у структурах украінскай арміі і змаганне на фронце вайны супраць маскоўскіх захопнікаў.

Разам з тым прысутныя далі негатыўную ацнку дзейнасці штаба Святланы Ціханоўскай. Як сцвярджае Зянон Пазьняк, Еўрасаюз гуляе са штабам у тактычную гульню “ў Ціханоўскую”, “у лідара дэмакратыі” і ў “выбранага прэзыдэнта”.

Канферэнцыя была арганізавана Дабрачынным фондам «Вольная Беларусь» на чале з яго кіраўніком Аляксеем Францкевічам.  Паводле яго тэлеграм-канала, канферэнцыя прайшла добра.

Нагадаем, што рэгістрацыя Дабрачыннага фонда “Вольная Беларусь” адбылася ва Ўкраіне 8 верасня 2022 года. Яго актывісты абяцалі абараняць правы беларусаў дыяспары.

Фота: тэлеграм-канал Аляксея Францкевіча