
Кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) і намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка ўнёс прапанову краінам ЕС і Украіне аб прымяненні ў дачыненні да суддзі Гомельскага абласнога суда Анатоля Сотнікава персанальных санкцыйных абмежаванняў.
27 снежня 2022 года даны суддзя агучыў прысуд па крымінальнай справе супраць палітзняволеных светлагорскіх партызанаў. Дзмітрыя Равіча асудзілі да 22 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Дзяніса Дзікуна — да 23 гадоў, Алега Малчанава — да 21 года. Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання на чыгуначнай станцыі “Жэрдзь-Астанкавічы” 28 лютага 2022 года — на чацвёрты дзень паўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Таксама іх асудзілі за “здраду дзяржаве” і рэгістрацыю ў плане “Перамога” і сувязь з ініцыятывай BYPOL. Працэс тры месяцы праходзіў у закрытым рэжыме, таму пазіцыя палітвязняў па справе невядомая, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Яны спалілі шафу з электроннай апаратурай на чыгунцы, каб запаволіць дастаўку расійскай вайсковай тэхнікі да ўкраінскай мяжы з-за чаго Сотнікаў прыгаварыў трох беларускіх патрыётаў сумарна да 66 гадоў турэмнага зняволення, адзначаецца 28 снежня 2022 года ў тэлеграм-канале НАУ.
“Кіраўнік НАУ Павел Латушка ўнёс прапанову краінам ЕС і Ўкраіне аб прымяненні ў дачыненні да Сотнікава персанальных санкцыйных абмежаванняў. У будучыні дадзены “суддзя”, як і іншыя асобы, якія здзяйсняюць і садзейнічаюць рэпрэсіям, будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці”, – гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначаюць праваабаронцы, асуджаных таксама аштрафавалі на 150 базавых велічыняў кожнага (4800 рублёў), а ўсе каштоўныя рэчы, вынятыя падчас ператрусаў у іх дома, канфіскавалі.
Фота: тэлеграм-канал НАУ
Матэрыялы па тэме: