Народная амбасада Беларусі ў Швецыі запрашае да рэгістрацыі шлюбаў
5 студзеня 2023
195

Пасля павышэння лукашыстамі грашовых збораў на рэгістрацыю шлюба грамадзян РБ у дыпламатычных прадстаўніцтвах, Народная амбасада Беларусі ў Швецыі нагадала пра сваю магчымасць аналагічнай, але бесплатнай і цалкам афіцыйнай паслугі для беларусаў.

Народная амбасада Беларусі ў Швецыі рэгіструе шлюбы бясплатна (але будзем удзячныя за добраахвотныя ўнёскі ад тых, хто можа сабе гэта дазволіць)”, – піша тэлеграм-канал “Народныя амбасады Беларусі”.

Там жа адзначаецца, што для заключэння шлюбу беларусам з любым грамадзянствам трэба прайсці працэдуру праверкі ў шведскім падатковым упраўленні, а потым звязацца з Народнай Амбасадай па мэйлу Sweden@BelarusAbroad.org

Як запэўніваюць у Народнай амбасадзе, шлюб будзе зарэгістраваны ў шведскім падатковым упраўленні і будзе міжнародна прызнаным. “Цырымонія шлюбу і пасведчанне распрацаваны пры ўдзеле Беларускай рады культуры і змяшчаюць традыцыйныя і сучасныя элементы беларускай культуры”, – гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, што законам № 230-З ад 30 снежня 2022 года лукашэнкаўскія ўлады значна павысілі цэны на консульскія паслугі. У прыватнасці, збор за рэгістрацыю заключэння шлюбу у дыпламатычных прадстаўніцтвах РБ за мяжой вырас да 100 еўра, скасавання — да 200, а раней гэта было па 50 еўра. За абмен або выдачу пашпарта асобе, якая пастаянна жыве за мяжой, прыйдзецца заплаціць 50 еўра замест ранейшых 40.

У верасні 2022 года прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай па транзіце ўлады Павел Латушка заяўляў, што калі Лукашэнка пойдзе на тое, каб пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія пражываюць за мяжой, то ў кабінета будзе права пачаць выдачу пашпартоў Рэспублікі Беларусь ад свайго імя і дабівацца прызнання гэтых пашпартоў за мяжой.

Фота: тэлеграм-канал “Народныя амбасады Беларусі”