
Насупраць пасольства Беларусі ў Вільні 21 снежня 2022 года была ўрачыста адкрыта фрэска ў гонар палітзняволенага праваабаронцы і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.
“Партрэт Бяляцкага размясцілі на фасадзе прагімназіі Сіманаса Даўкантаса. Праект быў ініцыяваны Міністэрствам замежных спраў Літвы. Калегі Бяляцкага падтрымалі ідэю, а намалявалі мурал мастакі з лабараторыі “Kiaurai sieńs” і калектыву “Gyva Grafika“, – паведамляе “Еўрарадыё”.
На адкрыцці прысутнічалі сябры і калегі Бяляцкага, а таксама прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай — яе дарадца Франак Вячорка і юрыстка офіса Крысціна Рыхтэр.
«Я не магу без хвалявання тут стаяць, бо ззаду вочы Алеся, які з нямым дакорам глядзіць на той бок вуліцы, дзе шэрыя сцены нашага пасольства. Мы часта тут праводзім акцыі, хочам дагрукацца да ўладаў Беларусі. Алесь Бяляцкі цаной сваёй свабоды змог вывесці з-пад удару практычна ўвесь калектыў «Вясны», які працягвае сваю дзейнасць у многіх краінах», — цытуе паэта і праваабаронцу Сяржука Сыса “Наша ніва”.
Алесь Бяляцкі, які за сваю праваабарончую дзейнасць атрымаў сёлета Нобелеўскую прэмію міру, зараз зняволены і знаходзіцца ў СІЗА ў Мінску па сфальшаваным абвінавачванні ў кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Як раней паведамлялася, Нобелеўская прэмія міру 7 кастрычніка 2022 года была прысуджана Алесю Бяляцкаму, расійскай праваабарончай арганізацыі “Мемарыял”, якую ліквідавалі пуцінскія ўлады, і праваабарончай арганізацыі з Украіны “Цэнтр грамадзянскіх свабод”.
Фота: “Наша ніва”
Матэрыялы па тэме: