“Новая Беларусь” прапануе размяркоўваць частку падаткаў для беларускіх патрэб у Польшчы і Літве
16 сакавіка 2023
219

Платформа «Новая Беларусь» запусціла пілотны праект па лічбавым самакіраванні. Ён базуецца на агульным размеркаванні падаткаў тымі, хто іх сплочвае, і арыентаваны на тых беларусаў, што працуюць у Польшчы і Літве.

Людзі, што жывуць у гэтых двух краінах, могуць самі запоўніць падатковую дэкларацыю і фундаваць 1,5% (у Польшчы) ці 1,2% (у Літве) сваіх падаткаў на дабрачыннасць. Гэта прыкладна 20-30 еўра паводле сярэдняга заробку ў гэтых краінах. Грошы прыйдуць восенню, тады ж будзе прынятае канчатковае рашэнне, куды іх варта накіраваць. За лета пройдзе абмеркаванне фундатарамі і фундатаркамі найбольш істотных напрамкаў для дапамогі. Вы самі зможаце прапаноўваць накірункі, куды пойдуць сродкі”, – распавядаецца на сайце “Новай Беларусі”.

Паводле размешчана там інфармацыі, грошы пойдуць па выбары падаткаплацельшчыка ў партнёрскія ўстановы «Новай Беларусі». Пасля гэтага ён атрымае ліст з запрашэннем у закрытую суполку для фундатараў, дзе будзе разам вырашаць, на што накіраваць агульныя грошы.

Восенню вы прымаеце канчатковае супольнае рашэнне, куды пойдуць агульныя сродкі.І назіраеце, як вырашаецца абраная вамі праблема”, – адзначаюць стваральнікі пілотнага праекта.

Нагадаем, што на платформе «Новая Беларусь» сабраны фонды і ініцыятывы, якія падтрымліваюць беларусаў ва ўсім свеце.