«Новая Беларусь» са старымі праблемамі і новымі магчымасцямі
10 жніўня 2022
347

Канферэнцыя «Новай Беларусі», што 8-9 жніўня 2022 года праходзіла ў Вільні, закончылася пачаткам фармавання Офісам Святланы Ціханоўскай пераходнага кабінета і спадзяваннямі на ІТ-тэхналогіі. Ход мерапрыемства суправаджалі прылюдны палітычны самастрэл Веранікі Цапкалы і правакацыя невядомых недабразычліўцаў, з-за якой усе прысутныя былі вымушаны пакінуць памяшканне.

Адкрывала і завяршала канферэнцыю Святлана Ціханоўская. Было адчуванне, што яна праводзіць данае мерапрыемства вымушана – надта многа прэтэнзій да дзейнасці яе офіса гучалі апошнім часам. Перш за ўсё сужонства Цапкалаў закідвала ёй непразрыстую дзейнасць, немагчымасць наладзіць камунікацыю, панаванне над незалежнымі СМІ, нестварэнне абяцанага кабінета ці ўрада, а таксама шмат чаго яшчэ, ну і канешне ж, неэфектыўнае выкарыстанне фінансавых сродкаў, якія выдзяляе Еўропа на дапамогу беларусам.

Адкрываючы канферэнцыю, нацыянальны лідар, як сама сабе называе Ціханоўская, заклікала пагутарыць і пачуць адзін аднаго. Была яна і досыць самакрытычна. «Я адчуваю віну, што раблю недастаткова, бо тысячы беларусаў за кратамі», – казала Ціханоўская, пры гэтым адзначаючы, што гатова несці адказнасць на той пасадзе, на якой зараз знаходзіцца і гатова дзяліць яе з іншымі, хто хоча працаваць на агульную перамогу. 

Увогуле, тэма палітзняволеных рэфрэнам гучала ўсе два дні. І была ці не самай галоўнай нават пры абмеркаванні іншых тэм. Прысутныя, а таксама гледачы YouTube, дзе ўжывую ішла трансляцыя канферэнцыі, раз пораз задаваліся пытаннем, што ж трэба зрабіць, каб іх вызваліць. Некаторыя, як былы сілавік Ігар Макар і актывіст ініцыятывы Dissidentby Вячаслаў Касінераў тое-сёе распавядалі пра свае намаганні ў гэтым кірунку, але было адназначна бачна, што пытанне вызвалення палітычных зняволеных пакуль невырашальнае. Аднак публічна прызнаць гэта, відаць, не хапіла сілы волі. Таксама як і не было нават думак, як прадухіліць новыя арышты і зняволенні. 

Хоць і кажуць, што гісторыя не мае ўмоўнага склону, працаваць над памылкамі дзеяння ці бяздзеяння карысна. Але і гэтага не было зроблена на канферэнцыі. Вартасць працы над памылкамі не была абазначана нават у самы пасуючы для гэтага момант, калі Ціханоўская ў чарговы раз заявіла, што да 2020 года не цікавілася палітыкай і не слухала, як і большасць беларусаў, тых, хто гадамі імкнуўся давесці людзям, кім насамрэч ёсць Лукашэнка і на што ён здольны дзеля ўтрымання сваёй неабмежаванай улады. 

Таму і засталіся па-за ўвагай канферэнцыі найважнейшыя моманты ў падзеях двухгадовай даўніны, асабліва, датычныя найбольш магчымага акурат тады вызвалення невялікай па сённяшніх мерках колькасці палітвязняў. Хаця, здаецца, менавіта тым падзеям канферэнцыя была прымеркаваная. Прысутныя не далі ацэнкі дзеянням усіх знакавых постацяў, у першую чаргу тых, хто зараз прэтэндуе на лідэрства ў беларускім пратэстным руху. І хоць многія могуць сказаць, што гэта не канструктыўна, бо генеруе ўзаемныя крыўды, але без рэфлексіі, без шчырага абмеркавання мінулага і прызнання ўласных памылак немагчыма ісці ў будучае, тым больш у такую жаданую новую Беларусь.

У канферэнцыі падчас дыскусіі аб рэарганізацыі дэмакратычный сіл быў запланаваны выступ Веранікі Цапкалы. Чакалася, што менавіта яна прыдасць ўсяму мерапрыемству вялікую долю канфліктнасці, якая будзе грунтавацца на справядлівых прэтэнзіях і неабвержаных довадах і аргументах. Нажаль, гэтага не адбылося. Але адбылося іншае, тое, чаго ніхто ад Веранікі не чакаў, бо падчас электаральнай кампаніі 2020 года якраз яна выглядала значна прывабней як палітык, чым Ціханоўская. Аднак цяпер яны не проста памяняліся месцамі. Ціханоўская-2022 шматкроць пераўзышла і ўдасканаліла сваю «палітычную» версію 2020 года. А Цапкала тым часам адназначна дэградавала, бо нічым іншым як дэградацыяй у палітычным сэнсе нельга назваць крыўды на незалежныя СМІ ў адсутнасці ўвагі да сваёй персоны. Хоць насамрэч гэта не так – увага была і ёсць. Пра дзейнасць сужонства Цапкалаў і іх прыхільнікаў незалежныя СМІ пісалі даволі многа, яны былі ў жывых эфірах, у іх бралі інтэрвью і каментары, звярталі ўвагу на двойчы праведзены Форум дэмакратычных сіл Беларусі, дзе яе муж Валерый Цапкала граў першую скрыпку. Ну а агучаная са сцэны прапанова Веранікі стварыць нейкую камісію па кантролю над незалежнымі СМІ, каб адсочваць, пра каго яны больш пішуць, было публічным палітычным самастрэлам, калі ўвогуле не палітычным самагубствам.

З тых двух момантаў канферэнцыі вынікае даволі сумная выснова – праблемы беларускай апазіцыі да 2020 года жывуць і далей. І, пэўна, мы будзем яшчэ гадамі як і раней чуць заклікі да аб’яднання ўсіх з усімі дзеля перамогі над рэжымам Лукашэнкі, які цяпер ужо ператварыў Беларусь у канцлагер. 

Хаця вырысоўваецца і іншы вынік канферэнцыі, які не агучваецца, бо ён надта цынічны і непрыемны. Шматлікасць беларускай палітычнай эміграцыі пасля 2020 года і яе немагчымасць пакуль дзейсна ўплываць на сітуацыю ў роднай краіне, прыводзіць да таго, што дыяспара і жыхары Беларусі ўсё больш аддаляюцца адзін ад аднаго. На службе дыяспары, дзякуючы цудам інфармацыйных тэхналогій, з’яўляюцца новыя магчымасці ў камунікацыі і супрацы, якія для жыхароў Беларусі, дзе пануе дзяржаўны тэрор і пераслед нават за чытанне «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў, небяспечныя і таму не магчымыя для масавага карыстання.

Ці зможа створаны пераходны кабінет, як выканаўчы орган, і абноўленая Каардынацыйная рада, як орган прадстаўнічы, штосьці рэальнае зрабіць для жыхароў Беларусі? Хутчэй, не. Затое тут і цяпер яны тое-сёе могуць зрабіць для дыяспары. І, пэўна, сапраўды, зробяць. Бо мусяць нешта рабіць. Але нават у замежжы ім будуць спрабаваць перашкодзіць. Эвакуацыя з будынку падчас канферэнцыі з-за нейкай, як казалі арганізатары, правакацыі, магчыма, ілжэ-мініравання, таму доказ.

Уладзімір Лапцэвіч