Новая грузінская партыя нагадала аб сфальшаваных выбарах у Беларусі
11 жніўня 2022
152

З нагоды прашэсця двух гадоў ад падзей апошняй электаральнай кампаніі ў Беларусі лідар грузінскай партыі Droa! («Час прыйшоў!») Элене Хаштарыя выступіла з заявай у падтрымку «офіса законнай прадстаўніцы беларускага народа Святланы Ціханоўскай і беларускіх дысідэнтаў».

«Жорсткаму рэжыму Лукашэнкі пры рашучай падтрымцы Пуціна і расійскага ўрада ўдалося захаваць уладу і здушыць пратэсты. Нягледзячы на гэта, беларускі народ працягвае супраціўляцца аўтарытарнаму рэжыму. Гэта паказалі партызанскія атакі на чыгунку падчас кіеўскага наступу, якія значна пашкодзілі забеспячэнне рускай арміі і сталі адной з прычын сыходу Расіі з Паўночнай Украіны. Беларусы, як і грузіны, ваююць супраць акупантаў ва Украіне.

Уцягванне лукашэнкаўскай Беларусі ў вайну супраць Украіны паказвае, наколькі небяспечнай можа быць постсавецкая аўтакратыя для рэгіёну і ўсяго свету. З іншага боку, удзел беларусаў і грузінаў у вайне ва Ўкраіне яшчэ раз падкрэслівае важнасць цеснага супрацоўніцтва нашых народаў і адзінага грамадзянскага фронту супраць агульнага ворага – Крамля і яго самадзяржаўных сатэлітаў.

Партыя Droa! супрацоўнічае і будзе супрацоўнічаць з офісам законнай прадстаўніцы беларускага народа Святланы Ціханоўскай і беларускімі дысідэнтамі ў Грузіі.

Мы верым, што народны супраціў назаўжды застанецца ў калектыўнай памяці нацыі і што Беларусь у канчатковым выніку стане свабоднай, як Грузія і Ўкраіна», – напісала Хаштарыя ў Facebook.

Droa! – палітычная партыя ў Грузіі. Была заснавана як рух былым намеснікам міністра Дзяржаўнага міністэрства па пытаннях еўраатлантычнай інтэграцыі Грузіі, былым членам парламента і кандыдатам на выбарах мэра Тбілісі 2017 года Элене Хаштарыяй у маі 2021 года. У жніўні 2021 пераўтварылася ў партыю.