Новым рэктарам ЕГУ абраны былы віцэ-прэзідэнт Нацбанка Польшчы
3 лютага 2023
141

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ), які лукашэнкаўскія ўлады выціснулі з Беларусі, на пасаду рэктара абралі Кшыштафа Рыбіньскага, які ў мінулым быў віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага банка Польшчы.

“Прафесар Рыбіньскі – выдатны даследчык, які атрымаў ступень доктара эканамічных навук у Варшаўскім універсітэце, а таксама дасведчаны адміністратар у акадэмічнай галіне з больш чым 20-гадовым досведам кіравання. У прыватнасці, на працягу трох гадоў прафесар узначальваў Універсітэт Нархоз у Алматы (Казахстан), а пяць гадоў з’яўляўся рэктарам Універсітэта Вістула ў Варшаве (Польшча)”, – распавялаецца на сайце ЕГУ.

У дадатак да сваёй акадэмічнай дзейнасці прафесар Рыбіньскі мае шырокі досвед працы ў дзяржаўнай палітыцы і прыватным сектары, у тым ліку ў якасці віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага банку Польшчы, партнёра ў Ernst & Young і галоўнага эканаміста ў ING Barings ды іншых банках. Вольна валодае ангельскай, расійскай і польскай мовамі.

Новаабраны рэктар афіцыйна прыступіць да выканання сваіх абавязкаў 3 красавіка 2023 года.

«Хачу выказаць падзяку Кіраўнічай радзе за аказаны давер кіраваць універсітэтам цягам наступных пяці гадоў. З нецярпеннем чакаю супрацоўніцтва з усёй супольнасцю ЕГУ – студэнтамі, выкладчыкамі, супрацоўнікамі, донарамі і партнёрамі – падчас перыяду перадачы паўнамоцтваў. Перакананы, што праз супольныя дзеянні мы зможам вырашаць надзённыя праблемы, якія стаяць перад універсітэтам, і мацаваць статус ЕГУ як вядучай установы для навучання і грамадзянскага ўдзелу ў Беларусі ды рэгіёне ў цэлым», – адзначыў Кшыштаф Рыбіньскі.

ЕГУ знаходзіцца на выгнанні ў Вільні з 2004 года. Да гэтага ён працаваў у Мінску, пакуль лукашэнкаўскія ўлады не пазбавілі яго ліцэнзіі. Апошні рэктар-беларус Анатоль Міхайлаў кіраваў універсітэтам да 2014 года, нагадвае тэлеграм-канал “Нямецкай хвалі”.

Фота: Вікіпедыя