Новыя дзевяць зняволеных у Беларусі прызнаны палітвязнямі
27 лютага 2023
137

Сярод дзевяці новых палітвязняў некалькі тых, хто актыўна выступіў супраць нападу Расіі на Ўкраіну. Агульная колькасць палітычных зняволеных у Беларусі, прызнаных праваабаронцамі, цяпер складае 1452 чалавекі.

Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач, Андрэй Ярэмчык узятыя пад варту ў сувязі з прызнаннем лукашыстамі музычнага гурта “ТОР бэнд” экстрэмісцкім фармаваннем. У сваю чаргу Ўладзімір Буцькавец асуджаны да трох гадоў зняволення за адміністраванне супольнасці “УКантакце” “За адзіную дзяржаўную мову ў Беларусі!” паводле арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Па тым жа артыкуле да чатырох гадоў зняволення асуджаны Дзмітрый Сцяпанаў, які кіраваў Telegram-чатам “ГОБК”.

За ахвяраванне суб’екту, адвольна прызнанаму экстрэмісцкім фармаваннем, паводле арт. 361-2 КК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі прыгавораны Юрый Самсонаў.

Да дзевяці гадоў калоніі асуджаны Яўген Глушкоў, які перадаў у Telegram-канал фатаграфіі беларускага вайсковага аэрадрома, з якога ажыццяўляўся напад на Ўкраіну. Яму ўмянілі ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве шляхам аказання дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі, іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Уладзіслаў Яцэнка асуджаны за нанясенне пратэсных надпісаў у грамадскіх месцах і заклікі ў сацыяльнай сетцы далучацца да беларускага падраздзялення Ўзброеных сіл Украіны паводле арт. 341 (Апаганьванне будынкаў і збудаванняў) і ч. 2 арт. 361-3 КК (Фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне дзейнасці па вербаванні, навучанні, падрыхтоўцы і выкарыстанні грамадзян Беларусі для ўдзелу ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы) да пяці гадоў зняволення.

Ацэньваючы прыведзеную інфармацыю ў кантэксце грамадска-палітычных падзей пасля 24 лютага 2022 г., асноўнай падзеяй якіх зрабілася ваеннае ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Ўкраіну і акты антываеннага пратэсту і салідарнасці з народам Украіны, мы прыходзім да высновы аб тым, што ў гэтых выпадках грамадзянаў пераследуюць праз іх палітычныя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў, распаўсюджвання інфармацыі і асацыяцыі. Таксама ў гэтым кантэксце змянілася ацэнка грамадскай небяспекі ўдзелу грамадзян Беларусі ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі Ўкраіны ў складзе вайсковых фармаванняў, створаных украінскай дзяржавай”, – гаворыцца ў заяве беларускіх праваабаронцаў.

Яны патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Адзначым, што колькасць прызнаных палітвязнямі ў Беларусі на 16 лютага 2023 года складала 1448 чалавек. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за “палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.