Офіс Ціханоўскай устанавіў афіцыйныя сувязі з Эстоніяй
28 кастрычніка 2022
170

Віталь Малчанаў прызначаны прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Эстоніі, а Эстонія паабяцала прызначыць амбасадара па асаблівых даручэннях у Вільні, які працаваць з беларускімі дэмсіламі. Такі адзін з асноўных вынікаў візіту лідара беларускага пратэста Святланы Ціханоўскай у Талін.

На сустрэчы з міністрам замежных спраў Ціханоўская прадставіла ўпаўнаважанага Віталя Малчанава, які будзе прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Эстоніі. Эстонія не будзе накіроўваць амбасадара ў Мінск, але прызначыць амбасадара па асаблівых даручэннях у Вільні, каб працаваць з дэмсіламі”, – распавядаецца ў тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай.

Таксама Ціханоўская на пленарным паседжанні эстонскага парламента заклікала падтрымаць палітвязняў, спрасціць візавую і міграцыйную палітыку ў дачыненні да беларусаў, але ўзмацніць санкцыі супраць памагатых рэжыму.

Пасля сустрэчы рэктараў з Ціханоўскай эстонскія ўніверсітэты паабяцалі разгледзіць пытанне прыёму беларускіх студэнтаў.

Акрамя сустрэч Ціханоўскай з эстонскімі палітыкамі і высокапастаўленымі чыноўнікамі, у яе адбылася сустрэча з беларусамі Эстоніі.

Спадарства, спадзяюся, што ўсім спадабалася сустрэча са Святланай Ціханоўскай! Хацелася б выказаць падзяку ўсім, дзякуючы каму, гэта мерапрыемства адбылося, і тым, хто прыйшоў! Асабліва было прыемна, што мерапрыемства наведалі беларусы з Тарту і Нарвы! Святлана дала карысныя парады, што нам трэба рабіць, каб палепшыць становішча беларусаў і даказаць што Лукашэнка – гэта не Беларусь, і беларусы супраць вайны. Яшчэ раз дзякуй! Жыве Беларусь!”, – напісаў у тэлеграм-канале “Беларусы и Ко в Эстонии 97%” карыстальнік пад нікам Valgevenelane.

Нагадаем, што 24 кастрычніка 2022 года глава МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу перадаў Святлане Ціханоўскай копію дакумента аб прызнанні Радай БНР у 1920 годзе незалежнасці Эстонскай Рэспублікі.

Таксама Міністэрства замежных спраў Эстоніі заклікала жыхароў сваёй краіны да напісання лістоў беларускім палітвязням, узгадаўшы пра жыццё пры таталітарызме.

Фота: тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай