Офіс Ціханоўскай: закрыццём нацыянальных школ Лукашэнка дабіваецца горшых адносін да беларусаў
15 жніўня 2022
158

Разбурыўшы школьную адукацыю на польскай мове, рэжым Лукашэнка пачаў знішчаць адукацыю на літоўскай. Гэта спрыяе росту непрыязнасці да беларусаш, лічыць прадстаўніца Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.

«Услед за разбурэннем школьнай адукацыі на польскай мове ў Гародні, рэжым Лукашэнкі ўзяўся за знішчэнне школ з выкладаннем на літоўскай мове. У Беларусі ўсяго дзве такія школы – у Пелясах і Рымдзюнах. 12 жніўня стала вядома, што па выніках праверкі МНС Пелясскую сярэднюю школу зачыняюць. Фармальная прычына-невыкананне правілаў бяспекі. Пры гэтым прадстаўнікі літоўскага боку падкрэсліваюць, што падчас ранейшых праверак ніякіх заўваг такога роду не было», – распавядае прадстаўніца Офіса на сайце “Святлана Ціханоўская“.

Паводле яе, ушчамленне правоў літоўцаў і палякаў на навучанне на роднай мове з’яўляецца парушэннем двухбаковых і міжнародных дамоўленасцяў, якія абараняюць правы прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Такая палітыка з боку лукашэнкаўскіх уладаў спрыяе ўзнікненню міжнацыянальных канфліктаў у беларускім грамадстве. Акрамя таго, яна чарговы раз паказвае, што пры Лукашэнку беларуская дзяржава як суб’ект міжнароднага права не можа і не мае намеру прытрымлівацца міжнародных пагадненняў.

«Не выключана, што рэжым Лукашэнкі разлічвае цяпер на аналагічныя дзеянні ў адказ з боку Літвы і Польшчы, на рост непрыязнасці ў дачыненні да беларусаў, якія пражываюць у гэтых постацях. Аднак падобныя разлікі марныя, таму што ў дэмакратычных краінах правы нацыянальных меншасцяў, уключаючы беларусаў, абараняюцца законам і забяспечваюцца адпаведнай дзяржаўнай палітыкай», – упэўнена Таццяна Шчытцова.

Яна адзначае, што беларусы, якія пражываюць у Літве і Польшчы маюць законнае права на захаванне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці і добрыя магчымасці развіваць самыя розныя культурныя і адукацыйныя ініцыятывы на беларускай мове.

У красавіку стала вядома, што ў літоўскіх школах Беларусі больш не будуць выкладаць на літоўскай мове – навучанне будзе весціся толькі на рускай альбо беларускай мовах. Тое ж самае датычыцца школ з польскай мовай навучання.