Палітвязні асуджаны на агромністыя тэрміны зняволення па “справе Аўтуховіча”
17 кастрычніка 2022
142

Ад двух з паловай да 25 гадоў калоніі вынес лукашэнкаўскі суд фігурантам “справы Аўтуховіча” ў Гродна. На лаўцы падсудных было 12 чалавек.

Прадпрымальнік з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 25 гадоў калоніі па абвінавачванні ў парушэнні 12 артыкулаў КК, сярод якіх здрада дзяржаве, акты тэрарызму і іншыя. Першыя пяць гадоў Мікалай будзе адбываць пакаранне ў турме, астатні тэрмін — у калоніі строгага рэжыму, піша тэлеграм-канал выдання “Мост”.

Вольга Маёрава (палітзняволеная) асуджана на 20 гадоў у калоніі агульнага рэжыму і мусціь выплаціць штраф у 800 базавых велічынь. Уладзімір Гундар (палітзняволены) прымушаны да 18 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 800 базавых велічынь. Павел Сава – да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 700 базавых велічынь. Віктар Снегур – да 19 гадоў у калоніі строгага рэжыму і штрафу ў 800 базавых велічынь. Галіна Дзербыш (палітзняволеная) – да 20 гадоў у калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 700 базавых велічынь. Сяргей Рэзановіч (палітзняволены) – да 16 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 600 базавых велічынь. Любоў Рэзановіч (палітзняволеная)- да 15 гадоў у калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 600 базавых велічынь.

Да 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 800 базавых велічынь асуджаны Павел Рэзановіч (палітзняволены). Да 17 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штраф у 700 базавых велічынь Ірына Мельхер (палітзняволеная). Ірына Гарачкіна прыгаворана да шасці гадоў і аднаго месяца калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 300 базавых велічынь. Антон Мельхер (палітзняволены) – да двух гадоў і шасці месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Справу разглядаў суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымлівалі намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Народныя засядацелі — Ставорка, Ждановіч і Нічыпор.

Па версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і ўдзельнікі арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і «іншыя ўдзельнікі злачыннай арганізацыі» на тэрыторыі Гродзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вуліцы Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль «Skoda Octavia», які належаў супрацоўніку міліцыі.

Абвінавачванне сцвярджала, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі аб сілавіках па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. Акрамя гэтага, «група Аўтуховіча» па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў нібыта рыхтавалася захапіць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі для катаванняў і перадачы атрыманых у іх звестак.

З абвінавачвання Аўтуховічу вынікае, што ўдзельнікаў групы ён выкарыстоўваў для збору інфармацыі аб супрацоўніках праваахоўных органаў і органаў кіравання. Гэта было патрэбна яму для запалохвання, пагроз і абраз, здзяйснення актаў тэрарызму, падпалаў, выбухаў аўтамабіляў і дамоў, для таго, каб прымусіць людзей адмовіцца выконваць свае службовыя абавязкі, і тым самым дэстабілізаваць грамадскі парадак у краіне, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

На пасяджэннях фігуранты заяўлялі пра катаванні і жудасныя ўмовы ўтрымання, на знак пратэсту аб’яўляючы галадоўку.

Фота: Белта