Палітыка Мікалая Статкевіча змясцілі ў адзіночку памерам каля 3 м2
14 жніўня 2022
143

Жонка апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла, што яго змясцілі ў адзіночную камеру памерам каля 3 кв.м.

«Сёння нарэшце атрымала два лісты ад Мікола Статкевіч. Крышку пазней падзялюся. З 05.08 ён на паўгады быў змешчаны ў якасці пакарання ў адзіночку памерам каля 3-х кв. метраў, шырынёй у метр, з прышпіленымі да сцяны “нарамі”. Пакаранне, аналагічнае ПКТ у “звычайнай” калоніі, дзе вязні – у казармах і могуць выходзіць на вуліцу. У калоніі асаблівага рэжыму, дзе ён і так у камеры, можна пакараць, хіба, памерамі і паўпадвальным памяшканнем. Ну і адсутнасцю званкоў і прагулак. Але няхай ён сам раскажа. Крышку пазней яго лісты агучу. Пакуль радая таму, што дачакалася ліста. І усяго ж толькі паўтары месяцы мінула», – напісала жонка палітычнага вязня на сваёй старонцы ў Facebook.

12 жніўня 2022 года Статкевічу споўнілася 66 год.

Апазіцыйны палітык быў затрыманы 31 траўня 2020 года па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Пазней быў арыштаваны на 15 сутак. 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд над палітыкам, які пакараў яго 15 суткамі.

30 чэрвеня Мікалай Статкевіч павінен быў выйсці на волю пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак напярэдадні вечарам жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч патэлефанаваў следчы і паведаміў, што палітык падазраецца ў здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (“арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”). 15 снежня Мікалаю Статкевічу прад’явілі новае абвінавачванне па п. 13 ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — “падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках”.

14 снежня 2021 года быў вынесены прысуд Мікалаю Статкевічу: 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асаблівага рэжыму.