Палітзняволенаму Нобелеўскаму лаўрэату і яго паплечнікам прысудзілі ад 7 да 10 гадоў калоніі
3 сакавіка 2023
168

Лукашыстскі суд прыгаварыў фігурантаў справы Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча, Зміцера Салаўёва (завочна) і Валянціна Стэфановіча да вялікіх тэрмінаў зняволення. Упершыню вынесены прысуд Нобелеўскаму лаўрэату ў час яго знаходжання за кратамі.

Вырак быў абвешчаны 3 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Яго агучыла Марына Запаснік, якая выконвае ролі суддзі. Заснавальнік “Вясны” і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі прыгавораны да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч – да дзевяці гадоў такой жа калоніі. Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, юрыст Уладзімір Лабковіч – да сямі гадоў калоніі, а праваабаронца Зміцер Салаўёў (завочна) – да васьмі гадоў, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Усім, акрамя Алеся Бяляцкага, таксама прызначылі штраф у памеры тры тысячы базавых велічыняў (111 000 рублёў), старшыні “Вясны” прызначылі, як і прасіў пракурор, пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 000 рублёў). Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў) якую яны нібыта “здабылі злачынным шляхам” праз “кантрабанду арганізаванай злачыннай групай”.

Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, праваабаронцы могуць абскардзіць яго.

Праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 

Ніхто з асуджаных віну не прызнаў.

FIDH асудзіла прысуд і заклікала да жорсткай міжнароднай рэакцыі, паведамляецца ў Twitter арганізацыі.

Як раней паведамлялася, 7 кастрычніка 2022 года стала вядома, што старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі разам з украінскім “Цэнтрам грамадзянскіх свабод” і расійскім “Мемарыялам” стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

Фота: Праваабарончы цэнтр “Вясна”