Палітзняволены беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі ўзнагароджаны Нобелеўскай прэміяй міру
7 кастрычніка 2022
165

Праваабаронцы з Беларусі, Украіны і Расіі атрымалі 7 кастрычніка 2022 года Нобелеўскую прэмію міру.  Такой падзеяй аказаліся задаволены не ўсе.

Сёлетняя прэмія прысуджана кіраўніку ліквідаванага лукашэнкаўскім рэжымам у Беларусі Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму, расійскай праваабарончай арганізацыі “Мемарыял”, якую ліквідавалі пуцінскія ўлады, і праваабарончай арганізацыі з Украіны “Цэнтр грамадзянскіх свабод”.

“Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Ён прысвяціў усё сваё жыццё справе дэмакратыі і міру ў сваёй краіне. Бяляцкі ў 1996 годзе стварыў праваабарончую арганізацыю «Вясна» ў адказ на сумнеўныя змены ў Канстытуцыю, якія далі беларускаму прэзідэнту дыктатарскія паўнамоцтвы”, – цытуе прадстаўніцу Нобелеўскага камітэта тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Алеся Бяляцкага павіншавала лідэр беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская. “Алесь Бяляцкі – гонар беларусаў. Цяпер пра гэта ведаюць ва ўсім свеце. Цяпер у Беларусі ёсць яшчэ адзін Нобелеўскі лаўрэат – які супрацьстаіць дыктатуры і вайне”, – напісала яна ў сваім тэлеграм-канале, назваўшы Бяляцкага героем, які як і тысячы беларусаў, знаходзіцца за кратамі па палітычных прычынах. “Ужо другі раз яго прызналі палітзняволеным. І гэта сведчыць пра тое, што рэжым з’яўляецца пагрозай міру і свабодзе беларускага народа“, – упэўнена Ціханоўская.

Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры 2015 года Святлана Алексіевіч таксама віншуе Бяляцкага, назваўшы яго міфалагічнай постаццю ў беларускай барацьбе. Разам з тым яна распавяла аб рэакцыі з Украіны на прысуджэнне прэміі Бяляцкаму. “Им не очень нравится решение, которым стараются примирить три народа. Мы все в меру сил стараемся что-то делать, но они считают, что мы делаем мало. Возможно, они имеют основания так думать. Но я не представляю, как, если общество не находится в движении, отдельные люди могут что-то делать. Только, как Алесь, быть мифом, находится в тюрьме и не отступать“, – цытуе Алексіевіч тэлеграм-канал “Нямецкай хвалі”.

У офісе прэзідэнта Ўкраіны таксама не задаволены прысуджэннем прэміі беларускім і расійскім праваабаронцам. “У Нобелевского комитета однозначно интересное понимание слова “мир”, если премию вместе получают представители двух стран, что напали на третью. Ни российские, ни беларуские организации так и не смогли организовать сопротивление этой войне. Нобель в этом году просто “супер“, – цытуе тэлеграм-канал агенцтва УНІАН дарадцу главы Офіса прэзідэнта Ўкраіны Міхайлу Падаляку.

У сваю чаргу кіраўніца “Цэнтру грамадзянскіх свабод” Аляксанда Матвійчук выказала радасць ад нагроды, якую таксама атрымалі яе калегі з Беларусі і Расіі. Яна, між іншым, заклікала правесці рэформу ААН, каб стварыць гарантыі бяспекі для краін свету. “Нужно создать международный трибунал и привлечь Путина, Лукашенко и других военных преступников к ответственности“, – цытуе яе сайт агенцтва УНІАН.

Алеся Беляцкого, а таксама яго паплечнікаў Валянціна Стэфановіча і Ўладзіміра Лабковіча, арыштавалі 14 ліпеня 2021 года. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА ў Мінску.