Памяць загінуўшых у Другой сусветнай вайне беларусаў ушанавалі ў Германіі
1 лістапада 2022
145

Нямецкія беларусы ў Rhein-Neckar-Kreis наведаліся 1 лістапада 2022 года на магілу пiсьменнiка i выдаўца Юрыя Попкi (Юрый Жывiца) і да помніка загiнуўшых у 1939-1945 гадах суайчыннікам. 

Помнiк был усталяваны у 1987 годзе на могiлках St. Ilgen, Baden-Württemberg, дзякуючы намаганням Юрыя Попкi, паведамляе ў Facebook “Суполка беларусаў Франкфурта”.

Юрый Попка (Юрый Жывіца) – беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, нацыяналіст, выдавец, пісьменнік. У час нямецкай акупацыі ўзначальваў аддзел працы і сацыяльнага забеспячэння ў Пружанах, заснавальнік і старшыня Пружанскага аддзялення Беларускага камітэта ў Беластоку (1943—1944). Актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі ў Германіі. У 1952—1954 — кіраўнік палітычна-прапагандысцкага аддзела Галоўнага штаба Беларускага Вызваленчага Фронту (пад псеўданімам Б. Жубровіч). У 1971 годзе пераехаў у Ляймен (Бадэн), дзе заснаваў ва ўласнай кватэры на Гётэштрасэ, Беларускі музей. Заснаваны ім Інстытут беларусаведы меў на мэце заахвочванне даследаванняў па гісторыі Беларусі. Тут выдаваліся кнігі Попкі і іншых эміграцыйных беларускіх аўтараў, а ад 1986 года і друкаваны орган «Весткі Інстытута беларусаведы».

На яго надмагіллі напісаны аповед жыцця памерлага: «Пасьля Другой усясьветнай вайны мая Радзіма была акупаваная ды падзеленая саветамі-расейцамі й палякамі. У знак пратэсту я не вярнуўся на сваю Радзіму. Аднак сваёй Бацькаўшчыне я застаўся верным. У маім сэрцы й маёй душы да апошніх дзён. На сваёй новай Радзіме, Нямеччыне, у Санкт-Ільгэне я выказваю ўдзячнасьць усім маім сябрам. Жыве Беларусь!»

Фота: Facebook “Суполка беларусаў Франкфурта”