
Камітэт Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) па міграцыі, уцекачах і перамешчаных асобах прызначыў спецыяльнага дакладчыка Поля Галеса для падрыхтоўкі справаздачы «Вырашэнне дакладных праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні». Паводле ацэнак ПАРЕ, пасля жніўня 2020 года з Беларусі выехала ад 200 да 500 тыс. чалавек.
Такі даклад – гэта шанец даследаваць рэальнае становішча беларусаў у выгнанні, а таксама адрасаваць рэкамендацыі краінам-удзельніцам Рады Еўропы, у тым ліку тым, якія не ўваходзяць у склад Еўрасаюза. Чакаецца, што даклад Поля Галлеса будзе абмеркаваны Парламенцкай асамблеяй падчас яе чацвёртай часткі сесіі ў кастрычніку 2023 года, адзначаецца на сайце ПАРЕ.
Такім чынам цягам некалькіх месяцаў дакладчык правядзе кансультацыі з беларускімі дыяспарамі, арганізацыямі, якія дапамагаюць беларусам за мяжой, а таксама з уладамі некаторых краінаў знаходжання беларусаў, паведамляецца ў тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай.
Падчас пасяджэння 24 студзеня 2023 года камітэт па міграцыі, уцекачах і перамешчаных асобах правёў абмен думкамі з Крысцінай Рыхтэр, дарадцай Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, і Валдзісам Фугашам, заснавальнікам праваабарончай арганізацыі Human Constanta.
“Крысціна Рыхтэр выступіла на пасяджэнні камітэта, дзе адзначыла кола складанасцяў, з якімі сутыкаюцца беларусы, якія вымушаныя пакінуць краіну праз палітычны пераслед. Яна адзначыла праблемы легалізацыі, інтэграцыі ў грамадства, а таксама немагчымасць звярнуцца па медыцынскую або псіхалагічную дапамогу”, – гаворыцца ў паведамленні.
Таксама Рыхтэр ўзняла пытанні нядаўніх зменаў беларускага заканадаўства і праваўжывальнай практыкі: пазбаўленне грамадзянства, крымінальны пераслед за праяву нацыянальнай ідэнтычнасці, масавае прызнанне НДА і СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі (цяпер у спісе больш за 120 арганізацый, СМІ і ініцыятываў).
Нагадаем, што ў кастрычніку 2022 года камітэт па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы аднагалосна ўхваліў праект рэзалюцыі па стварэнні спецыяльнага міжнароднага трыбунала па злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі супраць беларускага народа. Лукашэнку і яго атачэнне абвінавачваюць у дапамозе агрэсіі Расіі супраць Украіны і злачынствах супраць народа Беларусі, якія разглядаюцца як злачынствы супраць чалавечнасці.
Фота: сайт ПАРЕ (злева направа: Валдзіс Фугаш, Крысціна Рыхтэр, Поль Галес)
Матэрыялы па тэме: