Партрэты Алеся Бяляцкага ўзнялі на кінафестывалі Bulbamovie ў Варшаве
21 лістапада 2022
140

Акцыя салідарнасці з палітзняволеным праваабаронцам Алесем Бяляцкім і ўсімі беларускімі палітвязнямі прайшла 20 лістапада 2022 года на фестывалі беларускага кіно Bulbamovie ў польскай сталіцы.

Усе прысутныя перад праглядам фільма Courage Аляксея Палуяна ўзнялі партрэты Алеся Бяляцкага, які ўжо год і чатыры месяцы ўтрымліваецца ў СІЗА за праваабарончую дзейнасць, распавядае тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Мы пачыналі акцыю ў Берліне з партрэтаў 450 вязняў, праз пару месяцаў ужо не было кінатэатраў, якія б маглі змясціць партрэты усіх беларускіх палітвязняў. Таму сёлета мы вырашылі засяродзіцца на адной асобе“, — распавёў Аляксей Палуян.

Таксама на фестывалі зладзілі збор грошай для сям’і забітага прадстаўнікамі лукашэнкаўскай улады Рамана Бандарэнкі.

Нагадаем, што 7 кастрычніка 2022 года палітзняволены Алесь Бяляцкі, як і праваабаронцы з Украіны і Расіі, атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

Фестываль беларускага кіно Bulbamovie 18-20 лістапада 2022 года ў восьмы раз прайшоў у Варшаве. Сёлета яго дывізам стала „Робім кіно, не вайну!”, распавядаецца на сайце фестываля.

Фота: тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтра “Вясна”