Партрэты беларускіх прафсаюзных дзеячоў-палітвязняў з’явіліся ў нямецкім Брэмене
15 снежня 2022
142

У брэменскім офісе Аб’яднання нямецкіх прафсаюзаў (DGB) працуе выстава, прысвечаная палітзняволеным прафсаюзным дзеячам з Беларусі.

Выстава адкрылася ў фае брэменскага дому прафсаюзаў. “Любы з наведвальнікаў выставы зможа паўдзельнічаць у інфармацыйнай кампаніі LabourStart і падпісаць электронную петыцыю за вызваленне палітзняволеных і ўзнаўленне прафсаюзаў Беларусі, што былі ліквідаваныя ў ліпені гэтага года Вярхоўным судом”, – распавядаецца на сайце Аб’яднання «Салідарнасць», якое з’яўляецца правапераемнікам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП). Там жа адзначаецца, што агулам у беларускіх турмах знаходзяцца некалькі дзясяткаў прафсаюзных актывістаў і лідэраў.

У адкрыцці выставы прынялі ўдзел выконваючы абавязкі старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Максім Пазнякоў і старшыня брэменскай арганізацыі DGB Эрнэста Хардэр.

20 снежня 2022 года а 13:00 «Салідарнасць» і беларусы Германіі плануюць правесці акцыю пратэсту супраць пераследу прафсаюзных актывістаў і лідараў дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі каля пасольства РБ у Берлiне па адрасе: Am Treptower Park 32. У гэты дзень у Мінскім гарадскім судзе распачнецца разгляд справы супраць кіраўніцтва БКДП. Па ёй праходзяць — старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, намеснік старшыні Сяргей Антусевіч і бухгалтар асацыяцыі прафсаюзаў Ірына Бут-Гусаім.

Фота і відэа: сайт “Салідарнасці”