
Створаная ў структуры Аб’яднанага пераходнага кабінэту нацыянальная спартова-адукацыйная арганізацыя “Паспалітае рушэньне” заявіла пра стварэнне самастойнай патрыятычна-спартовай абарончай арганізацыі па-за межамі Беларусі.
“Мы, сябры Паспалітага рушэньня, у складзе Варшаўскай, Гданьскай, Уроцлаўскай, Беластоцкай, Лодзькай, Познаньскай, Віленскай, Ковенскай харугваў (агульная колькасць сяброў больш за 150 чалавек), сыходзячы з інтарэсаў далейшага развіцця аб’яднання і канцэпцыі фармаваньня беларускіх нацыянальна-вызваленчых структур, заяўляем пра стварэнне самастойнай патрыятычна-спартовай абарончай арганізацыі па-за межамі Беларусі”, – заявіў 8 лютага 2023 года ў відэазвароце прадстаўнік “Паспалітага рушэньня” Сяржук Кедышка.
Паводле яго, дзейнасць такой арганізацыі будзе спрыяць лепшай каардынацыі, унутранаму ўзаемадзеянню і кіраванню “Рушэньнем”, структурнаму пашырэньню і развіццю аб’яднання, мабілізацыі беларусаў, якія гатовыя змагацца за вызваленне Беларусі, сістэмнай фізічнай і спэцыяльнай падрыхтоўцы, сталаму матэрыяльнаму забясьпячэньню, а таксама фармаванню нацыянальнага сьветапогляду сярод тых, хто далучыўся і далучыцца да “Рушэньня”.
“Мы адкрытыя да ўзаемадзеяння з усімі беларускімі нацыянальна-дэмакратычнымі суб’ектамі, дзейнасць якіх скіравана на барацьбу з расейскай агрэсіяй, і спрыяе пабудове свабоднай, незалежнай і дэмакратычнай Беларусі”, – адзначыў Кедышка.
Пра стварэнне “Паспалітага рушэньня” у верасні 2022 года заявіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту па абароне Валерый Сахашчык. Яно абазначалася менавіта як нацыянальная спартова-адукацыйная арганізацыя ў структуры кабінету. Пра гэта паведамлялася ў афіцыйным тэлеграм-канале Прадстаўніцтва па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Нагадаем, што напачатку кастрычніка 2022 года полк “Пагоня” заявіў аб намеры аб’яднаць беларусаў Украіны шляхам стварэння спартыўна-патрыятычнага таварыства і правядзення беларускага сходу. Паведамлялася, што гэты сход адбудзецца ў апошнюю нядзелю лістапада 2022 года. 21 лістапада 2022 года стала вядома пра стварэнне грамадскага аб’яднання “Пагоня”.
Матэрыялы па тэме: