Пазьняк: доўгі час руская мова ў Беларусі мусіць мець статус пераходнай
7 лютага 2023
195

Найвядомейшы апазіцыйны беларускі палітык Зянон Пазьняк, які ад 1996 года жыве ў эміграцыі, заявіў аб неабходнасці надаць рускай мове ў Беларусі статус пераходнай на дастаткова доўгі час, бо адразу выключыць яе з ужытку немагчыма.

Акупацыйная русіфікацыя, асабліва пры хамскім рэжыме, пранікла вельмі шырока ў беларускае грамадства. У выніку па-расейску ў Беларусі гавораць ужо не маскалі, ня ворагі чалавецтва (якіх тут ня шмат), а вымушаны гаварыць самыя беларусы, якія аднак лічаць сябе беларусамі, шануюць сваю зямлю, радзіму і ведаюць, што іхняя нацыянальная мова – беларуская”, – напісаў Зянон Пазьняк 6 лютага 2023 года ў сваім тэлеграм-канале.

На яго думку, у такім становішчы адразу выключыць з ужытку рускую мову нельга, бо яна існуе па факту. “Расейская мова ў сістэме беларускага Адраджэння мусіла б мець зацверджаны законам часовы статус пераходнай мовы на дастаткова доўгі дастасаваны для людзей тэрмін, каб не ствараць нязручнасцяў для самых беларусаў і дзяржаўных структур”, – лічыць палітык.

Раней, у 2019 годзе, у інтэрвью “Радыё Свабода” Зянон Пазьняк выказваўся за наданне рускай мове статуса мовы міжнацыянальных зносін у Беларусі, пры адзінай дзяржаўнай – беларускай.

Фота: тэлеграм-канал Зянона Пазьняка