Перфоманс у падтрымку праваабаронцы Насты Лойка прайшоў у Варшаве
9 студзеня 2023
138

Прадстаўнікі анархісцкага руху правялі перфоманс салідарнасці з палітзняволенай праваабаронцай Настай Лойка, якую катуюць ў лукашэнкаўскіх засценках.

Трое хлопцаў выйшлі да варот пасольства, распрануюшыся амаль дагала на марозе. Так лукашэнкаўскія сілавікі прымусілі стаяць без адзення Насту Лойка з-за таго, што яна заступілася за іншых зняволеных, піша тэлеграм-канал “Баста”.

Пра катаванні холадам раней распавядала адна з былых арыштантак Акрэсціна. «Насту аднойчы выгналі ў дворык за тое, што яна напісала скаргу на тое, што тых, хто ездзіў на працу на сметніцу, доўга трымалі ў дворыку на марозе, то бок трымалі ў неналежных умовах. На гэта міліцыянт Цішачкін сказаў, што яна цяпер пойдзе і паглядзе сама, як гэта. Яе адправілі на 5-6 гадзін у гэты дворык. Ён прасіў потым Насту, каб яна не пісала скаргі», – цытуе былую зняволеную Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Нагадаем, што лукашэнкаўскія сілавікі працягваюць прымяняць катаванні да захопленых імі грамадзян і палітвязняў. Так,  у лістападзе 2022 года па ўсёй Беларусі прайшлі ператрусы, затрыманні, арышты, у асноўным актывістаў руху “За Свабоду”. Як паведамлялі праваабаронцы, у ізалятарах да затрыманых прымяняюцца катаванні.

Палітзняволенага Германа Быхава пастаянна катавалі супрацоўнікі Магілёўскага СІЗА, аб гэтым праваабаронцам у жніўні 2022 года распавёў яго былы сукамернік.

Фота: тэлеграм-канал “Баста”