
У Полк імя Кастуся Каліноўскага, які змагаецца з расійскай агрэсіяй ва Ўкраіне, патрэбны вайсковыя сувязісты. Падраздзяленне запрашае спецыялістаў у свае шэрагі.
“Працу вайсковага сувязіста цяжка пераацаніць. Дзякуючы гэтым спецыялістам армія мае надзейную і своечасовую сувязь і бесперапыннае функцыянаванне інфармацыйных сістэм”, – адзначаецца ў паведамленні ад 19 верасня 2022 года тэлеграм-канала Палка Каліноўскага.
Вайсковаму падраздзяленню патрэбны спецыялісты, якія маюць досвед настройкі і абслугоўвання сродкаў радыёсувязі, валодаюць базавымі ведамі ў сферы кібербяспекі, маюць профільную тэхнічную адукацыю і працавалі ў сферы IT.
На сувязістаў ускладваюцца задачы па забеспячэнні падраздзялення сродкамі сувязі: як радыёсувязі, так і сродкамі доступу ў інтэрнэт; абслугоўванне сродкаў сувязі; маніторынг якасці перадачы сігналаў паміж кропкамі і шыфраванне ваенных паведамленняў.
“З вамі будзе падпісаны кантракт з Узброеннымі сіламі Ўкраіны, вы атрымаеце вайсковы квіток і штомесячную заработную плату”, – гаворыцца ў паведамленні, дзе падаюцца адпаведныя кантакты.
У чэрвені 2022 года “Белсат” паведамляў, што сувязістам у шэрагах Палка Каліноўскага ваюе былы аператар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Андрэй Корсак.
Раней падраздзяленне выказала падзяку за амуніцыю і тэхнічныя прыстасаванні, якія перадалі байцам беларусы з розных краін.
Фота: тэлеграм-канал Палка Каліноўскага
Матэрыялы па тэме: