Полк Каліноўскага і ўкраінскія дэпутаты дамовіліся аб сталым супрацоўніцтве
19 кастрычніка 2022
132

У Кіеве прадстаўнікі Палка імя Кастуся Каліноўскага, якія ваюць у складзе Ўзброеных сіл Украіны, сустрэліся з шэрагам дэпутатаў украінскай Вярхоўнай Рады 19 кастрычніка 2022 года.

Дэпутаты ўваходзяць у аб’яднанне “Дэмакратычная Беларусь”, якое дзейнічае ў парламенце Ўкраіны. Гэта Аляксей Ганчарэнка, Вадзім Галайчук, Сафія Федзіна, Марыя Мезенцава, Яўгенія Краўчук, Ірына Герашчанка, Мікіта Патураеў, Ягор Чэрнеў, Аляксандр Марыкоўскі, Багдан Ярэменка, Сяргей Швець.

“Украінскі бок выказаў павагу беларусам, якія змагаюцца са зброяй у руках за Украіну і задэклараваў жаданне супрацоўнічаць з Палком Каліноўскага, як з легітымным прадстаўніком беларускага народу”, – распавядае тэлеграм-канал Палка Каліноўскага.

У выніку сустрэчы дэпутаты паабяцалі прапанаваць Кабінету міністраў Украніны ўнесці змены ў пастанову, якая тычыцца выплат вайскоўцам і паліцэйскім і іх сем’ям падчас ваеннага становішча, адносна грамадзян Беларусі. Зараз, паводле яе, такая грашовая дапамога ў памеры 15 млн грыўняў не выплачваецца грамадзянам Беларусі і Расіі альбо асобам, якія стала пражываюць на тэрыторыі гэтых краін. 

Таксама дэпутаты вырашылі вынесці на галасаванне пастанову аб прызнанні Беларусі часова акупаванай Расеяй тэрыторыяй.

Дэпутаты паабяцалі, што разам з прадстаўнікамі Палка Каліноўскага будуць адстойваць інтарэсы беларускага народу ў еўрапейскіх і сусветных парламенцкіх інстытуцыях АБСЕ, ПАРЭ, Парламенцкай асамблеі НАТА.

Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся пра сталую супрацу з дэпутацкім корпусам Украіны ў рэчышчы вызваленчай барацьбы ўкраінскіх і беларускіх народаў”, – гаворыцца ў паведамленні.

Напачатку верасня 2022 года Полк Каліноўскага вуснамі намесніка камандзіра Вадзіма Кабанчука заявіў, што стаў палітычным суб’ектам.

Нагадаем, што раней лідэр беларускага пратэста Святлана Ціханоўская прапанавала прэзідэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму ўсталяваць з Аб’яднаным пераходным кабінетам дыпламатычныя і палітычныя адносіны.

Фота: тэлеграм-канал Палка Каліноўскага