
Сумесна працаваць над законапраектамі, якія дапамогуць сістэмна вырашыць праблемы беларусаў ва Ўкраіне, і праводзіць рэгулярныя сустрэчы дамовіліся прадстаўнікі Палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) з дэпутатамі ўкраінскага парламента.
Дамоўленасці быді дасягнуты на сустрэчы з Упаўнаважаным Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дзмітрыем Лубінцом, прадстаўнікамі Палка Каліноўскага і праваабаронцаў Free Belarus Center 14 снежня 2022 года. У ёй прынялі ўдзел 10 народных дэпутатаў міжфракцыйнай групы Вярхоўнай Рады Украіны “За дэмакратычную Беларусь”.
“Прадстаўнікамі Палка было ўзнятае пытанне пра двух палонных ПКК. Спадар Лубінец запэўніў, што будзе спрыяць іх вызваленню”, – распавядаецца ў тэлеграм-канале вайсковага падраздзялення. Па гэтым ды іншых пытаннях дэпутаты будуць камунікаваць з офiсам Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека і прадстаўнікамі Палка Каліноўскага.
“Мы гатовыя да супрацы з усімі зацікаўленымі арганізацыямі па беларускім пытаннях”, – сцвярджаюць вайскоўцы.
“Мы працягваем падымаць тэму абароны правоў беларускіх добраахвотнікаў ва УСУ. Таксама ўчора абмеркавалі сітуацыю з беларускімі ўцекачамі і апазіцыянерамі”, – распавёў 15 снежня 2022 года ў сваім тэлеграм-канале народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка пра сустрэчу з прадстаўнікамі Палка Каліноўскага і беларускіх грамадскіх арганізацый.
У кастрычніку 2022 года паведамлялася, што Полк Каліноўскага і ўкраінскія дэпутаты дамовіліся аб сталым супрацоўніцтве. У той жа месяц падраздзяленне заявіла аб наладжаных кантактах з літоўскімі парламентарыямі.
Нагадаем, што Асацыяцыя беларускіх ветэранаў, якая з’явілася нядаўна з філіяламі ў Літве, Польшчы і Ўкраіне, вуснамі яе сузаснавальніка, былога байца Палка імя Кастуся Каліноўскага Андрэя Кушнярова, сцвярджае, што Полк Каліноўскага не зацікаўлены ў працы з людзьмі, якія сыходзяць ад іх са службы.
Фота: тэлеграм-канал Аляксея Ганчарэнкі
Матэрыялы па тэме: