Полк Каліноўскага прыглядаецца да Валерыя Сахашчыка
15 жніўня 2022
128

Полк Каліноўскага чакае праграмы па абароне Беларусі ад «ваеннага міністра» ў складзе пераходнага кабінета, створанага на канферэнцыі «Новая Беларусь», падпалкоўніка запаса, былога камандзіра Брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады Валерыя Сахашчыка.

«Рабіць абгрунтаваныя высновы аб кандыдатуры ваеннага міністра можна будзе толькі тады, калі ён прадставіць пэўную праграму па абароне суверэнітэту і забеспячэнню нацыянальнай бяспекі Беларусі. На падставе агульных заявў, якія прагучалі на канферэнцыі, мяркаваць аб тым, наколькі ўдалы ці не ўдалы выбар кандыдатуры на гэтую сур’ёзную пасаду немагчыма», – гаворыцца, сярод іншага ў прэс-рэлізе, які зачытала 15 жніўня 2022 года афіцыйная прадстаўніца Палка Каліноўскага Крысціна «Чабор».

Нагадаем, на прайшоўшай 8-9 жніўня 2022 года ў Вільні канферэнцыі «Новая Беларусь» Святлана Ціханоўская прызначыла чатырох сваіх прадстаўнікоў пераходнага кабінета. Так, прадстаўніком кабінета па транзіце ўлады прызначаны Павел Латушка, прадстаўніком па аднаўленні правапарадку – Аляксандр Азараў, прадстаўніком па замежных справах – Валер Кавалеўскі, прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы – Валерый Сахашчык. У верасні чакаецца зацвярджэнне іх кандыдатур Каардынацыйнай радай.