Полк Каліноўскага прыняў сцяг, падараваны ў Вільні
29 жніўня 2022
123

У Палку імя Кастуся Каліноўскага, які змагаецца з расійскімі захопнікамі ва Ўкраіне, адбыўся рытуал прыняцця баявога сцяга, пераданага Радай Беларускай народнай рэспублікі ў Вільні.

Нагадаем, сцяг каліноўцам перадалі 9 жніўня 2022 года ў каталіцкім Кафедральным саборы ў літоўскай сталіцы. Падзея сімвалізавала пераемнасць і перадачу баявога духу паўстанцаў 1863 года.

Пра рытуал прыняцця сцяга, якое адбылося ў месцы дыслакацыі Палка, распавяла ў прэс-рэлізе ад 29 жніўня 2022 года яго афіцыйная прадстаўніца Крысціна «Чабор».

Паводле яе, падраздзяленне зараз ваюе на паўднёвым напрамку фронта. Яго папаўняюць новыя байцы, лекары, тэхнічны персанал. Нядаўна ў складзе Палка быў сфармаваны новы батальён «Літвін».

Адказваючы на пытанні, дасланыя ў Полк, афіцыйная прадстаўніца паведаміла, што байцы атрымліваюць усю неабходную медыцынскую дапамогу.

Як раней паведамлялася, перадача сцяга Палку Каліноўскага адбылася пасля правядзення 8-9 жніўня 2022 года канферэнцыі “Новая Беларусь”. Адным з вынікаў якой было прызначэнне ад лідэра нацыянальнага пратэста Святланы Ціханоўскай у склад новастворанага пераходнага кабінета падпалкоўніка запаса, былога камандзіра Брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады Валерыя Сахашчыка. У Палку Каліноўскага чакаюць ад яго праграмы па абароне Беларусі.