
Польскія ўлады не будуць прызнаваць рашэнне Лукашэнкі аб пазбаўленні грамадзянства, згодна з новымі зменамі ў заканадаўстве, заявіў намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы Барташ Градзецкі.
Аб пазіцыі польскага боку высокапастаўлены чыноўнік заявіў 18 студзеня 2023 года на чарговай сустрэчы працоўнай групы, куды ўваходзяць прадстаўнікі структур дыяспары, у МУС Польшчы.
Паводле Градзецкага, для яго краіны асобы, якіх у Беларусі пазбавяць грамадзянства, застануцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, гэтую пазіцыю МУС Польшчы будзе даносіць да Еўракамісіі і заклікаць іншыя краіны Еўрасаюза да такога ж стаўлення да выпадкаў пазбаўлення грамадзянства, паведамляе тэлеграм-канал Цэнтра беларускай салідарнасці.
“У сувязі з гэтым паўстае пытанне пра карыстанне беларускім пашпартам, якое будзе немагчымым у выпадку пазбаўлення грамадзянства. Для вырашэння гэтага пытання польскі МУС прапануе грамадзянам Беларусі карыстацца польскім падарожным дакументам”, – гаворыцца ў паведамленні.
Згодна са зменамі ў польскім заканадаўстве, прынятымі ў 2022 годзе, беларусы, якія атрымалі часовы від на жыхарства на падставе гуманітарнай візы, так званы «гуманітарны побыт» (паводле польскага закону – побыт па іншых падставах), могуць з 1 студзеня 2023 года атрымаць такі падарожны дакумент. Раней такая магчымасць была ў асобаў са сталым побытам і дадатковай абаронай.
З беларускага боку на сустрэчы прысутнічалі сталыя чальцы працоўнай групы Крысціна Рыхтэр з Офіса Святланы Ціханоўскай, кіраўнік юрыдычнага аддзела Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская, а таксама прадстаўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.
Нагадаем, што папраўкі ў закон аб грамадзянстве, падпісаныя 5 студзеня 2023 года Аляксандрам Лукашэнка, дазваляюць пазбаўляць асуджаных па палітычных артыкулах грамадзянства РБ і парушаюць Канстытуцыю краіны.
Раней прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай па транзіце ўлады Павел Латушка паведамляў, што кабінет будзе мець права пачаць выдачу пашпартоў Рэспублікі Беларусь ад свайго імя і дабівацца прызнання гэтых пашпартоў за мяжой. Выдача пашпартоў ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінету адпавядае стратэгіі ААН па прадухіленні безграмадзянства, казаў палітык.
Фота: Wikipedia
Матэрыялы па тэме: