Праблемы дыскрымінацыі беларускага бізнесу хоча ўзняць АВВА на форуме ў Давосе
16 студзеня 2023
34

Візавыя пытанні, банкаўскае абслугоўванне, доступ да фінансавання і праграм падтрымкі, легалізацыя і іншыя пытанні, якія стаяць перад беларускімі бізнесоўцамі, хочуць абмеркаваць падстаўнікі Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой ABBA і лідэр беларускага пратэста Святлана Ціханоўская на Міжнародным эканамічным форуме, які адкрываецца 16 студзеня 2023 года ў швейцарскім Давосе.

19 студзеня ў рамках Давоскага форуму адбудзецца панэльная дыскусія на тэму беларускага бізнесу і эканамічнай перспектывы для беларусаў. Упершыню ў гісторыі Давоса гэта дыскусія цалкам прысвечаная Беларусі. На ёй Святлана Ціханоўская падзеліцца бачаннем дэмакратычных сілаў па развіцці і падтрымцы прыватнага сектару Беларусі і будучых эканамічных рэформаў. Прадстаўнікі дэлегацыі ABBA выступяць з дакладамі аб становішчы беларускага бізнесу за мяжой, абазначаць галоўныя праблемы і прапануюць шляхі іх вырашэння”, – распавялі “Дыяспары.info” ў АВВА.

Адначасова прадстаўнікі беларускай бізнес-асацыяцыі просяць бізнеcoўцаў, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй пры вядзенні спраў за мяжой, напісаць пра гэта на электронны адрас info@abbabusiness.org. “Усе звароты будуць прааналізаваны, абагульнены, і найбольш частыя будуць вынесены на абмеркаванне з замежнымі партнёрамі, прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і дзелавых устаноў”, – запэўніваюць у асацыяцыі.

Варта адзначыць, што ў форуме возьмуць лідары 52 замежных дзяржаваў і каля 600 гендырэктараў міжнародных кампаній і карпарацый. Беларускія дэлегацыі не запрашаліся да ўдзелу ў Давоскім эканамічным форуме 30 гадоў – з 1992 года, калі Беларусь прадстаўляў Станіслаў Шушкевіч. У 2023 годзе беларускую дэлегацыю ўзначальвае Святлана Ціханоўская.

Колькасць кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, якія возьмуць удзел у працы форума, сёлета стане рэкорднай, піша Swissinfo.ch. Усяго там плануецца, што будзе больш 2 700 прадстаўнікоў са 130 краін.

Нагадаем, што ў снежні 2022 года эканаміст Алесь Аляхновіч стаў віцэ-прэзідэнтам Асацыяцыі беларускага бізнеса за мяжой АВВА і прызначаны прадстаўляць арганізацыю ў ЗША. У кастрычніку 2022 года яго калега Серж Наўродскі стаў прадстаўніком Асацыяцыі беларускага бізнеса ў замежжы ў Літве, Латвіі і Эстоніі.