Працоўную групу па падтрымцы беларускага бізнесу дамовіліся стварыць у Польшчы
26 студзеня 2023
161

Дамоўленасць аб стварэнні агульнай працоўнай групы па падтрымцы беларускага бізнесу дасягнута на сустрэчы прадстаўнікоў кабінету Святланы Ціханоўскай з міністрам фінансаў Польшчы Магдаленай Жэчкоўскай.

На сустрэчы з польскім міністрам прасутнічалі лідэр беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская, намеснік кіраўніцы і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка, эканамічны яе дарадца Алесь Аляхновіч і яе старэйшы дарадца  Франак Вячорка, распавядаецца на сайце Ціханоўскай 25 студзеня 2023 года.

Алесь Аляхновіч распавёў пра ініцыятыву стварэння гарантыйнага фонду для беларускіх кампаній у Еўрасаюзе, а таксама пра важнасць працэсу акрэдытацыі беларускага бізнесу, каб аддзяліць сумленны прыватны бізнес ад фірмаў, якія падтрымліваюць рэжым, вайну і дапамагаюць з абыходам санкцыяў, перадае тэлеграм-канал АВВА.

Павел Латушка прапанаваў міністру падрыхтаваць інфармацыйную запіску для польскіх інстытуцыяў, з тлумачэннем санкцыйнай палітыкі, каб мінімізаваць выпадкі беспадстаўнай дыскрымінацыі беларусаў.

У сваю чаргу Ціханоўская распавяла, што нават у Польшчы беларускія прадпрымальнікі сутыкаюцца з праблемамі з легалізацыяй, рэлакацыяй з Беларусі свайго бізнесу, супрацоўнікаў і іх сем’яў і адкрыцця банкаўскіх рахункаў. Паводле яе, сёння толькі два польскія банкі – PKO BP і Santander – адкрываюць рахункі беларускім грамадзянам і кампаніям з беларускім капіталам без лішніх праблемаў. Існуюць і іншыя прыклады дыскрымінацыі (напрыклад, у доступе да фінансавання або ўдзеле ў адкрытых бізнес-конкурсах), таму што некаторыя банкі і арганізацыі адмаўляюцца супрацоўнічаць з кампаніям з беларускімі каранямі.

У выніку сустрэчы бакі дамовіліся стварыць працоўную групу па падтрымцы беларускага бізнесу з удзелам беларускага боку, міністэрства фінансаў Польшчы, міністэрства эканамічнага развіцця Польшчы і іншых польскіх арганізацыяў для вырашэння найбольш важных пытанняў беларускага бізнесу ў гэтай краіне. Таксама дамовіліся стварыць інфармацыйны буклет на беларускай мове пра бізнес-клімат у Польшчы, умовы рэгістрацыі і вядзення бізнесу, у тым ліку сістэму падаткаабкладання. 

Нагадаем, што 19 студзеня 2023 года Святлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў Міжнароднага эканамічнага форума ў швейцарскім Давосе спыніць любое супрацоўніцтва з праўладным бізнесам і блізкімі да Аляксандра Лукашэнкі людзьмі, але ў той жа час падтрымаць беларусаў у эміграцыі.

Фота: сайт Святланы Ціханоўскай