Прадстаўнік Палка Каліноўскага: ад дыяспары прыходзіць большасць нашага забеспячэння
17 лютага 2023
236

У Беластоку намеснік камандзіра Палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук і прадстаўнік руху «Супраціў» Зміцер Шчыгельскі высока ацанілі дапамогу дыяспары ў забеспячэнні падраздзялення.

Большасць забеспячэння у нас ідзе ад дыяспар беларускіх, бо зразумела, што з Беларусі штосьці перадаваць, нават фінансы, вельмі цяжка”, – сказаў Вадзім Кабанчук падчас сустрэчы з дыяспарай, якая адбылася 17 лютага 2023 года ў беларускай прасторы “Хаб “Новая зямля”. 

Дзякуй дыяспары за дапамогу, у тым ліку беластоцкай дыяспары. Дзякуй за цікавасць, за тое, што падтрымліваеце”, – сказаў ў сваю чаргу Зміцер Шчыгельскі.

Паводле Кабанчука, сярод цяперашніх патрэб палка – лёгкабраніраваная тэхніка, дроны. “Можна звязацца з нашымі валанцёрскімі структурамі і вы атрымаеце спісы таго, што нам трэба на сённяшні час. Ёсць пазіцыі, якія патрэбны заўсёды – транспарт. Нам у асноўным ідуць пікапы, то бок грамадзянскі транспарт. Можна набыць аўтамабілі, якія раней і займаліся банкаўскай інкасацыяй, бо яны хоць неяк могуць абараніць ад куль і ад асколкаў”, – распавёў беларускі дабраахвотнік.

У той жа час ён нагадаў, што Полк Каліноўскага з’яўляецца часткай Узброеных сід Украіны, і таму зброю атрымілівае ад УСУ. “Мы працуем як лёгкая пехота і ўся стралковая зброя у нас ёсць. Часам для выканання нейкіх аперацый нам даюць браневікі”, – сказаў Кабанчук.

На сустрэчу гасцямі прыйшло каля 50 чалавек і далёка не ўсім хапіла месцаў для сядзення. Кабанчуку і Шчыгельскаму задавалі пытанні адносна іх бачання цяперашняй палітычнай сітуацыі, магчымага развіцця падзей у будучым.

Як стала вядома 7 лютага 2023 года, зараз вядуцца кансультацыі паміж Палком імя Кастуся Каліноўскага і нацыянальна-дэмакратычнымі арганізацыямі з мэтай стварэння Рады бяспекі. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі каардынатар арганізацыі “Вольная Беларусь” Зянон Пазьняк, які з’яўляецца адным з найвядомейшых апазіцыйных беларускіх палітыкаў. У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел таксама Шчыгельскі, Кабанчук і палітолаг Павел Усаў, прадстаўнік руху «Супраціў» Зміцер Шчыгельскі.

Напраканцы студзеня 2023 года Пазьняк, Усаў і Шчыгельскі наведалі баявыя пазіцыі беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне.