Праваабаронцы фіксуюць новую хвалю затрыманняў на поўдні Беларусі
7 жніўня 2022
192

Масавыя затрыманні адбываюцца ў гэтыя дні ў некаторых населеных пунктах Брэсцкай і Гомельскай абласцей. У сваю чаргу ўкраінскі Генштаб паведамляе пра ўзмацненне там расійскіх вайсковых падраздзяленняў.

Апошнім часам неспокойна ў горадзе Іванава і Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. «Міліцыя ды АМАП ужо некалькі дзён робяць массавыя «візіты» да грамадзян. Падстава — меркаваны выбух на чыгунцы недзе ў Берасцейскай вобласці. Паколькі ля места дыверсіі знайшлі каністры з фарбаваным палівам, якое выкарыстоўваюць у калгасах, то сілавікі прайшліся па запраўках, дзе «лажылі тварам у падлогу», – распавядаецца ў телеграм-канале ліквідаванага ўладамі Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Паводле праваабаронцаў, праваахоўнікі пайшлі па калгасах ды калгасніках. «Апошняе вядомае месца, дзе сілавікі праявілі актыўнасць — гэта разгон народу з іванаўскага бару «Мёд». Адбылося гэта ў ноч з 5 на 6 жніўня. А другой гадзіне апаўночы, калі бар павінен быў зачыняцца, туды прыехаў АМАП. Прысутным загадалі разыйсціся, тых хто не пагадзіўся затрымалі. Вядома, што пэўная частка пайшла працягваць адпачынак на запраўку. Тады амапаўцы прыехалі і туды, адбыліся яшчэ затрыманні ды пратаколы», – гаворыцца ў паведамленні.

А жыхары Ельска Гомельскай вобласці маглі 6 жніўня 2022 года назіраць, як група амапаўцаў перасоўвалася па горадзе, шукалі нейкія кватэры, заходзілі ў розныя пад’езды. Пакуль інфармацыі пра затрыманні не паступала.

Магчыма, сілавікі шукаюць людзей, якія перадавалі ў СМІ фота з перасоўваннем і выгрузкай на станцыі Ельск вайсковай тэхнікі, мяркуюць праваабаронцы. Раней ГУБАЗіК заяўляў пра «зачыстку» Нароўлі і Хойнікаў, дзе затрымалі некалькі чалавек нібыта за падпіскі на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы.

У сваю чаргу Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў 7 жніўня 2022 года, што на тэрыторыі Беларусі, на Валынскім і Палескім напрамках, расійскія вайскоўцы разгортваюць дадатковыя сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны.