Праваабаронцы: лукашэнкаўскія ўлады парушаюць права беларускіх дзяцей на адукацыю
19 жніўня 2022
176

Навязванне беларускім дзецям у школах аднаго пункту гледжання, падтрымка культу сілы і мілітарызму, абразы, запалохванне і распальванне варожасці да пэўных сацыяльных і нацыянальных груп парушаюць іх права на адукацыю. Аб гэтым гаворыцца ў аналітычным дакладзе “Правы дзяцей у Беларусі“, падрыхтаваным Беларускім Хельсінкскім камітэтам (БХК).

Даклад зроблены на падставе аналіза, зробленага на працягу 2021-2022 года. Паводле праваабаронцаў, у школах Беларусі настаўнікі, сярод іншага, распальваюць варожасць да людзей, якія выступаюць супраць дзеючай улады, а таксама навязваюць дзецям міф пра «ўкраінцаў-фашыстаў».

«Школьная сістэма ў прынцыпе (безадносна канкрэтнага палітычнага кантэксту) настроена на тое, што дзіця павінна ўвабраць і згаджацца з усім, што кажуць настаўнікі, не абмяркоўваць і не разважаць над гэтым. Гэта частка фарміравання лаяльнага дзяржаве чалавека, якога «дзяржавы дае ўсё», і таму можа з яго патрабаваць за ўсё, што ёй (дзяржаве) патрэбна», – адзначаюць праваабаронцы ў рэзюміруючых высновах даклада.

Парушаючы такім чынам права на адукацыю, адначасова парушаюцца шэраг грамадзянскіх і палітычных правоў дзяцей і канстутыцыйныя гарантыі: права на інфармацыю, свабоду выказвання меркавання, свабоду меркавання і сумлення, свабоду ад усіх формаў фізічнага ці псіхалагічнага гвалту, абразы або злоўжывання, права на асабістае жыццё, свабоду ад дыскрымінацыі.

«Само па сабе выхаванне дзяцей у духу патрыятызму цалкам прымальная мэта, якая не супярэчыць стандартам і агульнапрынятым практыкам. Аднак у цяперашняй беларускай рэчаіснасці, па сутнасці, патрыятычнае выхаванне з’яўляецца часткай сістэмы фарміравання ў чалавека каштоўнасцяў, арыентаваных на вяршэнства дзяржавы і ўлады “моцнага”, а не на вяршэнства права і павагу асобы», – сцвярджаюць у БХК.

Праваабаронцы таксама ўказваюць на выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» для перашкоды у межах адукацыйнага працэса самавыяўлення дзяцей пасродкам уніжальных і абразлівых выказваннях аб гэтых сімвалах, навязваннем прарасійскай парадыгмы і каштоўнасцяў.

«Такія дзеянні – прамая перашкода да праяўлення нацыянальнай ідэнтычнасці дзіцёнка. Яны фармуюць у яго ілжывае ўяўленне аб сваёй нацыянальнай гісторыі, культуры і перашкаджаюць фарміраванню яго нацыянальнай свядомасці», – гаворыцца ў 45-старонкавым дакладзе.

Прамых і дакладных загадаў «зверху» настаўнікам і дырэктарам школ аб абавязковасці наведвання ідэалагічных мерапрыемстваў насамрэч не многа. «Асноўная праблема ў тым, што выкарыстоўваюцца мяккія формы ціску. Уся сістэма пабудавана на тым, каб адміністрацыя школы і настаўнікі выконвалі тое, што неабходна без афіцыйных папер і прамых загадаў. Такім жа чынам спрабуюць выхоўваць і дзяцей – рабіць тое, што кажа старэйшы, аўтарытэт, і не патрабаваць ніякіх законных, фармальных абгрунтаванняў», – сярод іншага адзначаюць у БХК.