Праваабаронцы прызналі палітвязніямі яшчэ чатырох чалавек у Беларусі
12 лістапада 2022
157

Міхаіл Зубкоў, Павел Лінкевіч, Захар Таразевіч і Антон Лысаў прызнаны беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі 12 лістапада 2022 года. Агульная іх колькасць дасягнула 1425 чалавек.

Па даных праваабаронцаў, Міхаіл Зубкоў абвінавачаны па арт. 364 КК за нібыта гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у адказ на дзеянні па гвалтоўным разгоне мірных акцый пратэсту, хоць у выніку дзеянняў абвінавачанага істотнай шкоды здароўю нанесена не было. Зубкоў асуджаны на тры гады калоніі, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паўла Лінкевіча асудзілі да сямі гадоў калоніі па ч. 2 арт. 147 КК за неасцярожны наезд пры руху заднім ходам на аўтамабілі, ратуючыся ад адвольнага затрымання, на нагу супрацоўніка міліцыі.

У закрытым судовым пасяджэнні ў адсутнасць працэсуальных падстаў для гэтага асуджаны па артыкуле 218 КК (Наўмыснае знішчэнне маёмасці) Захар Таразевіч да сямі гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі і Антон Лысаў да дзесяці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў падпале аўтамабіля старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Парушэнне працэсуальных гарантый істотна і незаменна зніжае ўзровень даверу да высноў суда, пакладзеным у аснову абвінаваўчага прысуду”, – паведамілі праваабаронцы.

Яны лічаць, што працягласць або ўмовы пазбаўлення волі па прысудах, вынесеных у дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных сходаў, відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, па якім гэтыя асобы былі прызнаныя вінаватымі. Усе гэтыя абставіны даюць падставы сцвярджаць, што пераслед названых асоб носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі.

Правабарончая супольнасць патрабуе ад лукашэнкаўскіх улад вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Нагадаем, што на 10 лістапада 2022 года агульная лічба тых, хто адбывае пакаранне ці падазраваецца ў злачынствах з-за палітычных прычын, была 1424 чалавекі.