Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 20 чалавек у Беларусі
6 лютага 2023
175

Колькасць беларускіх палітзняволеных складае зараз 1450 чалавек. Новапрызнаныя праваабаронцамі палітвязні ў сваёй большасці з’яўляюцца фігурантамі спраў па “групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.

Заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) прыменены ў дачыненні да Аксаны Зарэцкай, Андрэя Дзмітрыева, Ілоны Зайцавай, Вольгі Каракінай, Уладзіміра Булаўскага, Яўгена Лівянта, Ганны Лівянт, Юліі Лівянт, Аляксея Іванова, Андрэя Трызубава, Ганны Кавалёвай, Юрыя УласюкаМікіты Дразда, Аллы Новікавай, Івана Марозава, Міхаіла Разуванава, Васіля Шалькевіча, Яўгена Папакуля, Міхаіла Кудлача, па ч. 2 арт. 367 (паклёп на А.Лукашэнку) і ч.1 арт. 342 КК у дачыненні да Андрэя Карпенкі, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Праваабаронцы нагадваюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі”, – гаворыцца ў заяве, падпісанай 6 лютага 2023 года шэрагам праваабарончых арганізацый.

Яны патрабуюць ад лукашэнкаўскіх улад неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Адзначым, што колькасць прызнаных палітвязнямі ў Беларусі на 26 студзеня 2023 года складала 1445 чалавек. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за “палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.