Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ сямёра чалавек
29 снежня 2022
181

Уладзіслаў Вайна, Валянцін Федарэнка, Віктар Вяршына, Аляксандр Зіязетдзінаў, Сяргей Нікіцюк, Анастасія Петрачэнка і Мікалай Куляшоў прызнаны новымі палітзняволенымі ў Беларусі. Агульная колькасць іх цяпер складае 1455 чалавек.

Вайна асуджаны паводле арт. 361-4 КК да зняволення на два гады за перасылку відэа самалётаў у тэлеграм-канал, адвольна прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Па тым жа артыкуле ўзяты пад варту Федарэнка, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Вяршына стаў фігурантам справы паводле арт. 361-2 за перавод грошай для падтрымкі “экстрэмісцкага фармавання”. Той жа артыкул быў праменены да Зіязетдзінава, які зняволены на тры гады за перавод грошай на карысць пратэснага рэсурсу.

Петрачэнка ўзятая пад варту за пералік грошай на карысць беларускага фармавання Ўзброеных сіл Украіны.

Сяргей Нікіцюк асуджаны паводле арт. 368 і арт. 361-4 за каментар “трапло” на адрас А. Лукашэнкі і перасылку здымка бюлетэня падчас рэферэндуму на адрас тэлеграм-канала, прызнанага экстрэмісцкім фармаваннем;

Мікалай Куляшоў узяты пад варту паводле ч. 3 арт. 371 КК і ч. 1 арт. 361 КК за аказанне дапамогі грамадзянам, якіх пераследуюць з палітычных матываў, у таемным перасячэнні мяжы Беларусі.

Правабаронцы патрабуюць ад лукашэнкаўскіх улад неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Адзначым, што колькасць прызнаных палітвязнямі ў Беларусі на 27 снежня 2022 года складала 1456 чалавек. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за “палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.